Валерый Леанцьеў ужо гатовы праспяваць фестывальную песню «Славянскага базару ў Віцебску».
9 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Запевала XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Валерый Лявонцьеў ужо рыхтуецца да свайго сольнага канцэрта, які сёння (менш чым за суткі да афіцыйнага адкрыцця) дасць старт фестывальным мерапрыемствам. Рэпетыцыя канцэрта поўным ходам ідзе ў Летнім амфітэатры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі фестывалю.
Канцэрт Валерыя Лявонцьева з лірычнай назвай "Люблю, сумую, чакаю!" будзе першым у серыі начных выступленняў на "Славянскім базары". У гэтым годзе іх запланавана шэсць. Свае сольныя праграмы прадставяць Сафія Ратару, Філіп Кіркораў, Валерый Меладзэ, Барыс Маісееў, а канцэрт "Танцуй да раніцы" аб'яднае модных маладых выканаўцаў.
У фестывальны Віцебск з'язджаюцца госці. Самымі нецярплівымі аказаліся беларускія ўдзельнікі. За дзень да афіцыйнага адкрыцця прыбылі дзіцячыя і дарослыя харэаграфічныя калектывы, знакаміты ансамбль "Сябры", Пётр Ялфімаў.
Наплыў гасцей арганізатары чакаюць 10 ліпеня. Цягнік Масква-Полацк ужо назвалі "фестывальным", да яго сустрэчы рыхтуецца не толькі дырэкцыя, але і журналісты, і фанаты. Як чакаецца, у ім прыедуць расійскія знакамітасці. Да сустрэчы замежных зорак рыхтуецца і віцебскі аэрапорт. Герой сёлетняга Еўравідэня Аляксандр Рыбак прыляціць чартарным рэйсам прама з канцэртнай пляцоўкі ў Нарвегіі. А ўсяго ў Віцебск у дні фестывалю прыедуць больш за 5 тыс. гасцей.
Рэпетыцыі ўдзельнікаў канцэрта ўрачыстага адкрыцця распісаны літаральна па хвілінах. Ужо ў 9 раніцы 10 ліпеня ў Летнім амфітэатры будзе гучаць голас галоўнага рэжысёра канцэрта ўрачыстага адкрыцця заслужанага артыста Расіі Міхаіла Высоцкага. Сама святочная цырымонія пачнецца ў 20.30. -0-