Валерый Леанцьеў у восьмы раз прывёў «Славянскі базар» у экстаз
10 ліпеня, Віцебск /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Эфектным і запамінальным пралогам XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" стаў сольны канцэрт народнага артыста Расіі Валерыя Лявонцьева. Яго выступленне, якое суправаджалася несмолкаючымі апладысментамі, завяршылася ў Летнім амфітэатры сёння пасля паўночы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Добры вечар, паважаная публіка!" - прывітаў артыст некалькі тысяч гледачоў, якія прыйшлі на сустрэчу з любімым спеваком. "Стаю на гэтай сцэне і ўспамінаю ліпень 1998 года, - працягнуў Валерый Лявонцьеў. - За кулісамі - пах свежай фарбы, вакол стружка, будматэрыялы, увогуле, усё тое, што суправаджае здачу новага аб'екта. А прымаў яго я. Першы канцэрт у Летнім амфітэатры быў мой. І зараз для мяне велізарны гонар знаходзіцца перад вамі. Жадаю цудоўнага настрою і добрага вечара!"
Рэалізацыі свайго пажадання Лявонцьеву давялося дамагацца самому. І гэта ў яго атрымалася з бляскам. Канцэрт артыст пачаў амаль аўтабіяграфічнай песняй "Гады вандраванняў". Але гледзячы на цудоўную фізічную форму спевака, чуючы непаўторны лявонцьеўскі голас, цяжка было паверыць, што ў сакавіку гэтага года Валерый Якаўлевіч адзначыў 60-гадовы юбілей. Сам ён не вельмі любіць гаварыць пра свой узрост, аднак усё ж немагчыма не захапляцца тым, як Лявонцьеву вось ужо тры дзесяцігоддзі ўдаецца заставацца на грабні поспеху.
Гучны поспех суправаджаў спевака і зараз. Ён прадставіў і свае новыя песні, і, па яго выраззе, "не вельмі новыя": "Ягодка мая", "Чалавек дажджу", "Маргарыта", "Палет на дэльтаплане", "Зніклі сонечныя дні", "Ты мяне не забывай" і іншыя залатыя хіты. А пад "Разноцветные ярмарки" увесь зал і зусім паскакаў з месцаў.
Без перабольшвання, публіка была ў экстазе ад чарговага падарунка артыста. А іх ён зрабіў за гады фестывалю нямала: Лявонцьеў не толькі адкрываў Летні амфітэатр, яго сольным канцэртам папярэднічаў і самы першы "Славянскі базар" у 1992 годзе. Цяперашняе выступленне спевака стала восьмым шоў, прадстаўленым ім у горадзе на Дзвіне.
Але на гэты раз не толькі артыст падарыў Віцебску сваё выступленне, але і славянскі форум падрыхтаваў Валерыю Лявонцьеву гістарычны сюрпрыз. І хоць арганізатары пакуль аб ім замоўчваюць, любы наведвальнік Летняга амфітэатра можа пра ўсё здагадацца, ды і сам артыст ужо ў курсе. "Днём мяне будуць "закатываць у бетон", прыходзьце", - запрасіў ён публіку ў канцы канцэрта на цырымонію адкрыцця Алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Сапраўды, чакаць засталося зусім нядоўга: сёння галоўны фестывальны "сакрэт" афіцыйна перастане існаваць.-0-