Валерый Воранін пакінуў пасаду галоўнага трэнера хакейнага клуба "Віцебск"

1 снежня, Мінск /Сяргей Вішнеўскі — БЕЛТА/. Адстаўка Валерыя Вораніна з пасады галоўнага трэнера "Віцебска" стала другой па ліку ў беларускай экстралізе з пачатку цяперашняга адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. 55-гадовы настаўнік аб'явіў аб звальненні па ўласным жаданні пасля хатняга пераможнага паядынку з гродзенскім "Нёманам" (2:1), які адбыўся 27 лістапада. Перад гэтым каманда пацярпела тры паражэнні запар і значна адстала ад зоны плей-оф. "Для нас сыход Валерыя Вораніна стаў нечаканасцю, — пракаментаваў сітуацыю карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік "Віцебска" Андрэй Магільніцкі. — Валерый Генадзевіч патлумачыў сваё звальненне сямейнымі абставінамі. Выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера пакуль прызначаны адзін з прадстаўнікоў клубнага штаба Сяргей Каралёў, але да канца снежня разлічваем вызначыцца і з пастаянным настаўнікам. Верагодна, ім стане расійскі спецыяліст, прычым добра вядомы беларускім заўзятарам". Валерый Воранін прыняў "Віцебск" у канцы жніўня, за некалькі дзён да старту адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі. Ён змяніў расійскага спецыяліста Мікалая Казакова, які нечакана падаў у адстаўку. Нагадаем, што першай адстаўкай у экстралізе з пачатку цяперашняга чэмпіянату стала звальненне галоўнага трэнера бабруйскага "Шынніка" Васіля Панкова, пад кіраўніцтвам якога каманда пацярпела 10 паражэнняў запар. Зрэшты, з новым рулявым Юрыем Файковым, які заступіў да штурвала ў сярэдзіне лістапада, бязвыгульная серыя бабруйчан працягнулася і павялічылася ўжо да 14 паядынкаў. Наступныя матчы ў экстралізе адкрытага чэмпіянату Беларусі адбудуцца 2 снежня: "Юнацтва" (Мінск) — "Гомель", "Хімвалакно" (Магілёў) — "Сакол" (Кіеў), "Нёман" (Гродна) — "Металург" (Жлобін), "Металургс" (Ліепая) — "Керамін" (Мінск), "Віцебск" — "Хімік-СКА" (Наваполацк), "Брэст" — "Шыннік" (Бабруйск), "Дынама-Юніорс" (Рыга) — "Шахцёр" (Салігорск). Турнірнае становішча: 1. "Юнацтва" (Мінск) — 70 ачкоў (пасля 30 гульняў; розніца шайбаў 113-47) 2. "Сакол" (Кіеў) — 63 (28; 88-52) 3. "Шахцёр" (Салігорск) — 61 (29; 98-59) 4. "Гомель" — 60 (28; 97-60) 5. "Хімвалакно" (Магілёў) — 54 (28; 73-64) 6. "Керамін" (Мінск) — 51 (29; 85-74) 7. "Нёман" (Гродна) — 48 (29; 95-91) 8. "Металург" (Жлобін) — 47 (29; 78-70) 9. "Віцебск" — 35 (30; 59-73) 10. "Металургс" (Ліепая) — 26 (27; 66-88) 11. "Хімік-СКА" (Наваполацк) — 25 (30; 66-111) 12. "Брэст" — 24 (29; 58-97) 13. "Шыннік" (Бабруйск) — 23 (29; 68-110) 14. "Дынама-Юніорс" (Рыга) — 19 (29; 71-119).-0-