Валавы збор збожжа ў гаспадарках Віцебскай вобласці склаў амаль 1,1 млн.т
Валавы збор збожжа ў гаспадарках Віцебскай вобласці склаў амаль 1,1 млн.т. Лепшыя аграрыі Віцебскай вобласці, якія ўнеслі важкі ўклад у агульны каравай, адправяцца сёння на рэспубліканскі фестываль-кірмаш "Дажынкі-2013" у Жлобін. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у аблвыканкаме.
Удзельнікамі рэспубліканскага фестывалю-кірмашу стануць камбайнеры, вадзіцелі, аператары збожжасушыльных комплексаў, галоўныя аграномы і інжынеры, фермеры, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і раёнаў вобласці. Дэлегацыю ўзначаліць губернатар вобласці Аляксандр Косінец.
Як падкрэслілі ў аблвыканкаме, асноўнай задачай аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці ў 2013 годзе з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. У цяперашні час праводзіцца аптымізацыя сельгас арганізацый, якая дазволіць у будучыні засяродзіць асноўную вытворчасць прадукцыі на 170 буйных сельскагаспадарчых прадпрыемствах, кожнае з якіх будзе мець не менш за 7 тыс.га ворнай зямлі. За апошнія чатыры гады сельгасвытворцы атрымалі 10,8 тыс. адзінак тэхнікі на суму звыш Br2,5 трлн., у тым ліку 1 тыс. 372 трактары (з іх 730 энерганасычаныя), 1 тыс. 389 збожжаўборачных і 395 кормаўборачных камбайнаў, іншую тэхніку. У арганізацыях вобласці функцыянуе 91 сучасны высокапрадукцыйны збожжаачыстна-сушыльны комплекс, дзейнічае 5 ліній па дапрацоўцы збожжа з мэтай атрымання якаснага насення.
Па выніках працы на ўборцы ўраджаю 2013 года тысячу і больш тон збожжа намалацілі 169 экіпажаў камбайнераў. Захаранка Мікалай і Каткоўскі Сяргей з СПК "Ларынаўка" Аршанскага раёна намалацілі больш за 2 тыс.т хлеба. Пяць экіпажаў намалацілі больш за 1,5 тыс.т. Гэта два экіпажы сельгаспрадпрыемства "Альгоўскае" Віцебскага раёна - Варонаў Сяргей і Заводны Аляксандр, Парамонаў Леанід і Мінін Павел; экіпажы ААТ "Таргуны" Докшыцкага раёна - Варанковіч Аляксей і Есіпенка Ілья, Аніковіч Уладзімір; экіпаж ААТ "Прудзінкі" Верхнядзвінскага раёна - Барсток Аляксандр і Панкрат Дзмітрый. Добра працуе на ўборцы хлеба моладзь (з 169 экіпажаў-тысячнікаў 21 - маладзёжныя).
На адвозцы збожжа лідарамі з'яўляюцца кіроўцы Дубровенскага, Верхнядзвінскага, Аршанскага, Віцебскага, Глыбокскага раёнаў. Амаль 3,4 тыс. т перавезлі на аўтамабілях МАЗ-555 кіроўцы Бацян Аляксандр (ААТ "Якубава-Агра" Дубровенскага раёна) і Жукоўскі Алег (ААТ "Прудзінкі" Верхнядзвінскага раёна).
Рэспубліканскі фестываль-кірмаш "Дажынкі-2013" пройдзе ў Жлобіне 27-28 верасня. Традыцыйна на свяце будуць ушаноўваць пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы травяных кармоў, у вырошчванні лёну і вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, а таксама рэспубліканскіх аглядаў- конкурсаў у сельскай гаспадарцы.
Алена Ціханава