Валавыя паказчыкі сельгасвытворчасці павінны саступіць месца якасным - А.Якабсон

11 жніўня, Браслаўскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Колькасныя паказчыкі эканамічнай дзейнасці сельгасвытворцаў павінны саступіць месца якасным. Заявіў сёння на сустрэчы з працоўным калектывам СВК "Маяк Браслаўскі" старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Кіраўнікам трэба думаць не пра вал, а пра рэнтабельнасць, выручку, прадукцыйнасць працы, экспарт прадукцыі", - падкрэсліў кіраўнік кантрольнага ведамства. Ён лічыць недапушчальным, калі па выніках працы сельскагаспадарчай галіны Віцебскай вобласці ў 2010 годзе рэнтабельнасць вытворчасці збожжа склала мінус 20%.

У СВК "Маяк Браслаўскі" рэнтабельнасць вытворчасці свініны складае плюс 5%. Як лічыць Аляксандр Якабсон, гэта недастаткова для нармальнай працы СВК. Ён прапанаваў кіраўніцтву сельгасскааператыва разгледзець магчымасць стварэння холдынгу з мясаперапрацоўчым прадпрыемствам, каб атрымліваць прыбытак з канчатковай прадукцыі.

Па словах Аляксандра Якабсона, непарытэтны рост цэн і заработных плат турбуюць кіраўніка дзяржавы і ўрад. Аднак рост заработнай платы неабходна забяспечыць якаснымі эканамічнымі паказчыкамі - высокімі прадукцыйнасцю і рэнтабельнасцю, нізкай матэрыялаёмістасцю. "Палову сваёй прадукцыі кожнае прадпрыемства павінна пастаўляць на экспарт", - падкрэсліў Аляксандр Якабсон.

Старшыня КДК Аляксандр Якабсон сёння з рабочай паездкай наведаў Браслаўскі раён, дзе пазнаёміўся з развіццём сельгасвытворчасці, ходам уборачнай кампаніі, сустрэўся з працоўнымі калектывамі СВК "Маяк Браслаўскі" і філіяла РУПП "Віцебскхлебпрам" - Браслаўскага хлебазавода і адказаў на пытанні работнікаў.-0-