У.Андрэйчанка: Беларусь трэба паважаць, як яна паважае суверэнныя інтарэсы іншых дзяржаў
18 красавіка, Глыбокае /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларусь трэба паважаць так жа, як яна паважае суверэнныя інтарэсы іншых дзяржаў, адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка, адказваючы на пытанні работнікаў адкрытага акцыянернага таварыства "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Санкцыі супраць Беларусі выкліканы яе самастойнай унутранай і знешняй палітыкай. Еўрасаюз патрабуе ад Беларусі выканання трох асноўных патрабаванняў: вызвалення так званых палітвязняў, змены выбарчага заканадаўства, якое нібыта не адпавядае міжнародным стандартам, і адмены смяротнага пакарання. Аднак ва ўсім заканадаўстве адсутнічаюць артыкулы, якія тычацца палітычных злачынстваў, а тыя людзі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі і якіх у ЕС называюць палітвязнямі, здзейснілі крымінальна каральныя дзеянні. Яны заклікалі да звяржэння канстытуцыйнага ладу, прымалі ўдзел у спробе разгрому Дома ўрада, канстатаваў Уладзімір Андрэйчанка, які быў непасрэдным відавочцам падзей 19 снежня 2010 года.
Што тычыцца выбарчага заканадаўства, то яно ў 2010 годзе змянілася кардынальна - на 90% у адпаведнасці з рэкамендацыямі БДІПЧ АБСЕ. Усе палітычныя партыі, грамадзяне атрымалі магчымасць вылучаць сваіх кандыдатаў. Не забаронена ўладкоўваць пікеты, сустрэчы з выбаршчыкамі праводзяцца па просьбе.
"Такім чынам, справа не ў палітычных зняволеных або выбарчым заканадаўстве. Справа ў тым, што не падабаецца ўлада, парламент, Прэзідэнт. Не падабаецца, што рэспубліка ідзе на інтэграцыю з Расіяй, створаны Мытны саюз, Адзіная эканамічная прастора, ствараецца Еўразійскі саюз. Не падабаецца, што Беларусь жыве па сваіх законах. Мы суверэнная дзяржава, у нас ёсць свая Канстытуцыя, свае законы, мы маем права праводзіць самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку, заснаваную на волевыяўленні народа", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. З Беларуссю трэба лічыцца, весці перамовы, а не ставіць ультыматумы, падкрэсліў спікер парламента.-0-