Варыкоз па інавацыйнай тэхналогіі навучыліся лячыць у Віцебску
Днямі праведзена першая такая аперацыя маладому мужчыну, 34-гадоваму рабочаму аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў. За аперацыйным сталом знаходзіліся кандыдат медыцынскіх навук, прарэктар ВДМУ па навукова-даследчай рабоце Сяргей Сушкоў і загадчык аперацыйнага блока спеццэнтра Канстанцін Цыплакоў. Умяшанне заняло зусім нядоўгі час. Усяго праз адзін пракол хірургі ўвялі ў праблемную вену пацыента неабходны інструмент і пад кантролем ультрагуку спецыяльным прыстасаваннем у выглядзе парасона разбурылі ўнутраны пласт пашкоджанага варыкозам сасуда. А затым замацавалі вынік увядзеннем у яго спецыяльнага хімічнага прэпарата. Як толькі ён у выглядзе пены запоўніў вену, кровазварот па ёй спыніўся, што было выразна бачна на маніторы.
Пацыент, якому для камфортнасці ўмяшання было зроблена абязбольванне ўсяго адным кубікам лідакаіну, паморшчыўся толькі ў момант, калі ўрач даставаў інструмент. Хірургі паціснулі адзін аднаму рукі. Аперацыя без крыві і сур'ёзнай анестэзіі завершана. Медыцынскай сястры засталося накласці павязку з эластычнага бінта. І пацыент можа смела ўставаць на ногі, вяртацца дадому, да актыўнага жыцця, пазбаўленым ад сваёй недугі. У гэты раз, праўда, маладога чалавека адразу не выпісалі, паколькі новая методыка апрабавана ўпершыню, ён застаўся на некаторы час пад назіраннем медыкаў. У будучыні, калі яе паставяць на паток, будзе практыкавацца паўабулаторны варыянт лячэння. Ніякіх затрат на стацыянарны пасляаперацыйны перыяд, рэабілітацыю не спатрэбіцца.
Пасля завяршэння аперацыі мы пагутарылі з Сяргеем Сушковым, які ўзначальвае працуючы на базе хірургічнага аддзялення клінікі навукова-практычны флебалагічны цэнтр. Сяргей Альбертавіч не хаваў задавальнення:
— Укаранёна чарговая новая тэхналогія лячэння варыкозу, па першым уражанні яна мне вельмі спадабалася. Распрацавалі гэты метад польскія калегі. У Мінску першую падобную аперацыю ў бягучым годзе правёў загадчык кафедры неадкладнай хірургіі БелМАПА доктар медыцынскіх навук Уладзімір Хрышчановіч. Мы паглядзелі і зразумелі, што таксама павінны мець яе на ўзбраенні. Пацыентам шырока вядома лазерная аблітэрацыя варыкозна пашыраных вен. Мы адзіныя ў Віцебску робім радыёчастотную аблацыю. Але ў гэтым выпадку для выключэння вены з кровазвароту неабходна запоўніць яе анестэтыкам і халадавым растворам, і заўсёды ёсць небяспека пашкоджання з-за разагрэву навакольных тканін. А вось механа-хімічная аблітэрацыя тэрмічнага ўздзеяння не прадугледжвае.
Новы метад, па словах Сяргея Альбертавіча, будзе выкарыстоўвацца не замест, а нароўні з раней асвоенымі інавацыйнымі спосабамі лячэння. Да выбару віду умяшання лекары заўсёды падыходзяць індывідуальна, па выніках дбайнага абследавання і вывучэння анатоміі, мінімізацыі рызыкі для кожнага пацыента. Але перспектыўнасць новага метаду ў тым, што ён прымяняецца ў выпадках, калі пры пэўных анатамічных асаблівасцях немагчыма выкарыстоўваць лазер. Менш у гэтым выпадку і верагоднасць рэцыдыву варыкознай хваробы. Зрэшты, пры ўсёй яе падступнасці тыя, хто прайшоў аператыўнае лячэнне, як правіла, выконваюць рэкамендацыі лекараў, каб не дапусціць новых праблем. У любым выпадку трэба памятаць, што такімі шчадлівымі метадамі можна дапамагчы толькі людзям з незапушчанымі формамі варыкознай хваробы ніжніх канечнасцей. Да спецыялістаў трэба звяртацца на ранніх стадыях. А калі справа дойдзе да трафічных язваў, то без скальпеля ўжо не абысціся.
"Віцьбічы".