Васіль Захарэвіч: «Падрыхтоўка спартыўнага рэзерву працягваецца ў звычайным рэжыме»

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту Беларусі – начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Захарэвіч распавёў, як ідзе спартыўна-фізкультурная праца ва ўмовах пандэміі і пра будаўніцтва новых спартзбудаванняў у рэгіёне.


– Васіль Аляксеевіч, чым адзначыўся пачатак гэтага года?

– Да адмены міжнародных спаборніцтваў з-за пандэміі спартсмены вобласці парадавалі высокімі вынікамі. Біяатланістка Юлія Кавалеўская выйграла бронзавы медаль на зімовых Алімпійскіх юнацкіх гульнях, а Ірына Крыўко ўзнагароду такога ж годнасці – на чэмпіянаце Еўропы. Мікіта Гайко заваяваў бронзу на першынстве кантынента па каратэ. Марына Нікіціна стала чэмпіёнкай Еўропы па індархокеі.

Падрыхтоўка спартыўнага рэзерву працягваецца ў звычайным рэжыме. Усе спортшколы, цэнтры і вучэльні алімпійскага рэзерву працуюць з захаваннем проціэпідэміялагічных мер. Спаборніцтвы ў вобласці перанесены на больш познія тэрміны, плануем іх правесці ў канцы лета і восенню.

– Як трэніруюцца найлепшыя спартсмены Віцебшчыны, якія рыхтаваліся да Алімпійскіх гульняў?

– Ва ўмовах адсутнасці замежных збораў яны ў складзе зборных Беларусі трэніруюцца ў рэспубліканскіх цэнтрах алімпійскай падрыхтоўкі, у асноўным у Мінску. У іх распарадку фактычна нічога не змянілася за выключэннем узмоцненага захавання проціэпідэміялагічных патрабаванняў.

– Што скажаце пра фізкультурна-аздараўленчую працу ў вобласці?

– На бюджэтнай аснове працуюць 23 фізкультурна-аздараўленчыя клубы. У іх займаецца больш за 7000 чалавек. У цяперашняй сітуацыі заняткі фізкультурай адыгрываюць асаблівую ролю. Бо, як сцвярджаюць медыкі, гэта адзін з асноўных спосабаў умацавання імунітэту. Мы прагназуем, што пасля заканчэння складанай эпідэміялагічнай сітуацыі колькасць тых, хто займаецца фізкультурай, узрасце. Людзі зразумелі, што лепшыя лекі – імунітэт і здаровы лад жыцця.

– Якія новыя спартыўныя аб'екты плануецца адкрыць у бліжэйшы час?

– Сёлета будзе здадзены ветраапорны футбольны манеж у Віцебску, які ўзводзіцца з прыцягненнем сродкаў Беларускай федэрацыі футбола. Будуць пабудаваны яшчэ чатыры комплексныя спартыўныя пляцоўкі з штучным пакрыццём. Адну нядаўна адкрылі ў Лепелі. Таксама яны з'явяцца ў аграгарадку Кастрычніцкі Віцебскага раёна, Шуміліна, Паставах і гарадскім пасёлку Коханава Талачынскага раёна. Плануем здаць пасля рэканструкцыі стадыёны ў Балбасава і Барані Аршанскага раёна, а таксама ВДУ імя П. Машэрава ў Віцебску.

Рыхтуюцца праекты па будаўніцтве крытых тэнісных картоў у абласным цэнтры з прыцягненнем сродкаў Беларускай тэніснай федэрацыі. Вядзецца праектаванне крытай лядовай пляцоўкі каля Палаца спорту пры падтрымцы замежных інвестараў. Ідзе будаўніцтва плавальнага басейна ў Глыбокім.

– Што пажадаеце чытачам «Віцебскіх вестак», сваім калегам у Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту?

– Гэтае свята аб'ядноўвае ўсіх, хто незалежна ад прафесіі і ўзросту любіць актыўны лад жыцця, хто выбірае рух, спрыт, з'яднанасць і волю да перамогі. Віншаванні і словы падзякі работнікам галіны, ветэранам, настаўнікам фізкультуры, а таксама ўсім, хто займаецца з моладдзю. Ад усёй душы жадаю калегам высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці, моцнага здароўя, невычарпальнай энергіі і бадзёрасці духу.

"Віцебскія весткі".