Учора ў Віцебску падпісаны міжурадавы дагавор аб рэжыме беларуска-латвійскай дзяржаўнай мяжы
Для гэтага ў паўночную сталіцу прыбылі кіраўнікі знешнепалітычных і памежных ведамстваў дзвюх краін. Перад працэдурай падпісання старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Косінец сустрэўся з міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам. Губернатар азнаёміў латышскіх гасцей з сацыяльна-эканамічным развіццём Віцебшчыны і расказаў пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Латвіяй.
У прыватнасці, Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што за апошнія гады значна павялічыўся таваразварот паміж Віцебскай вобласцю і Латвіяй. У 2012 годзе ён склаў больш за 115 мільёнаў долараў ЗША. Прыдзвінне экспартуе прадукты нафтахіміі, лесаматэрыялы, вырабы з драўніны, адзенне, абутак, станкі, а таксама тавары харчовай групы. Краіна-суседка пастаўляе на Віцебшчыну прадукты харчавання, лекавыя сродкі, вырабы з металу, тканіны. Пры гэтым Аляксандр Мікалаевіч падкрэсліў, што трэба імкнуцца да большага – да таваразвароту ў 1 мільярд долараў. Для гэтага ў рэгіёне ёсць усе перадумовы. Гэта красамоўна прадэманстравала арганізаваная ў холе Віцебскага аблвыканкама выстава-прэзентацыя інвестпраектаў, якія рэалізуюцца ў вобласці, і бізнес-прапаноў найбуйнейшых прыдзвінскіх вытворцаў, якія гатовыя да плённага узаемавыгаднага супрацоўніцтва, – ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод», «Аршанскі мясакансервавы камбінат», «Аршанскі авіярамонтны завод», «Кераміка», «Даламіт», «БелВітуніфарм», СТАА «Белвест», Віцебскі футравы камбінат і іншыя.
Праўда, для больш эфектыўнага супрацоўніцтва неабходна, на думку Аляксандра Косінца, узаемадзейнічаць без паслуг пасярэднікаў, якія часта перавышаюць кошт самога тавару, і заключаць прамыя дагаворы.
Пасля прыёму ў губерната Эдгарс Рынкевічс сустрэўся з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімірам Макеем. Міністры замежных спраў абмеркавалі ўвесь спектр актуальных пытанняў, якія тычацца развіцця беларуска-латвійскага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай галінах, узаемадзеяння па лініі Беларусь — Еўрапейскі саюз. Акрамя таго, бакі разгледзелі вынікі практычнай рэалізацыі міжурадавага пагаднення аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый Беларусі і Латвіі, якое ўступіла ў сілу 1 лютага 2012 года.
Каментуючы вынікі перамоваў, Уладзімір Макей падкрэсліў:
– Мы дакладна давялі пазіцыю беларускага боку адносна супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам, пачулі пазіцыю калег. Лічу, што, нягледзячы на праблемы, якія існуюць у нашых адносінах з ЕС, мы не знаходзімся ў тупіку. Ёсць дакладнае разуменне таго, што мы павінны заўсёды знаходзіць алгарытм дзеянняў, якія дазволяць нам, вырашаючы прынцыповыя праблемы, паступова рухацца па тых напрамках, якія магчымыя.
У сваю чаргу Эдгарс Рынкевічс адзначыў, што ў Віцебску адбылася шчырая размова па многіх аспектах.
– Усё тое, што можа ўмацаваць давер паміж нашымі краінамі, павінна быць зроблена, і мы будзем працаваць далей у гэтым жа рэчышчы, – сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Латвіі. – Што тычыцца адносін Еўрасаюза і Беларусі, то тут мы пераходзім да стадыі абмеркавання пытанняў. І гэты дыялог вельмі важны для большага разумення паміж Беларуссю і ЕС.
Пасля перамоваў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Боечка і начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Нормундс Гарбарс падпісалі Дагавор паміж урадам Беларусі і ўрадам Латвіі аб рэжыме беларуска-латвійскай дзяржаўнай мяжы. Дакумент устанаўлівае парадак яе ўтрымання, перасячэння асобамі і транспартнымі сродкамі, перамяшчэння праз мяжу грузаў, тавараў, а таксама ўрэгулявання памежных інцыдэнтаў.
У рамках дагавора бакі абавязваюцца ажыццяўляць гаспадарчую і іншую дзейнасць на дзяржаўнай мяжы і прыгранічнай тэрыторыі без шкоды для суседняя краіны, супрацоўнічаць у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, весці сумесныя мерапрыемствы па прадухіленні экалагічных катастроф і стыхійных бедстваў і ліквідацыі іх наступстваў і г.д.
Дакументам таксама вызначаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва памежных службаў. Для аператыўнага вырашэння пытанняў, звязаных з забеспячэннем рэжыму дзяржаўнай мяжы, і урэгулявання памежных інцыдэнтаў створаны інстытут памежных упаўнаважаных.
Фактычна заключаным дагаворам Беларусь і Латвія пацвярджаюць адсутнасць тэрытарыяльных пытанняў паміж дзвюма дзяржавамі і цяперашняе праходжанне дзяржаўнай мяжы на мясцовасці, вызначаюць парадак вырашэння пытанняў перасячэння беларуска-латвійскай дзяржаўнай мяжы міжнароднымі прававымі
спосабамі.
Алена СЫС. «Віцебскі рабочы»