Уздоўж мяжы Віцебскай вобласці будзе добраўпарадкавана 40 населеных пунктаў
22 ліпеня, Докшыцкі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Уздоўж дзяржаўнай і адміністрацыйнай мяжы на тэрыторыі Віцебскай вобласці на працягу найбліжэйшага года павінна быць добраўпарадкавана і прыведзена ў парадак 40 населеных пунктаў. Такое даручэнне сёння даў старшыням раённых выканаўчых камітэтаў вобласці старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас наведвання Докшыцкага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па тэрыторыі вобласці праходзіць 25 рэспубліканскіх трас, з якіх 7 вядуць да мяжы з Расійскай Федэрацыяй, 5 - да мяжы з краінамі Балтыі. На гэтых трасах знаходзіцца 40 гарадоў і пасёлкаў, якія, па словах губернатара, "павінны стаць уязнымі варотамі Віцебскай вобласці". Пілотным праектам будзе пасёлак Бегамль у Докшыцкім раёне недалёка ад мяжы з Мінскай вобласцю. У іншых населеных пунктах, як і ў Бегамлі, павінны быць створаны сучасныя вытворчасці, інфраструктура адпачынку, прыдарожнага сэрвісу.
Развіццю прыдарожнага сэрвісу павінна быць нададзена асаблівая ўвага, падкрэсліў губернатар. На рэалізацыю гэтага праекта, па папярэдніх ацэнках, спатрэбіцца каля Br1 трлн. На думку губернатара, крыніцай фінансавання могуць стаць бюджэтныя сродкі, інвестыцыі прыватнага капіталу. "Прыватнаму капіталу неабходна даваць зялёную вуліцу пры рэалізацыі гэтых праектаў", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.
Ён таксама звярнуў увагу кіраўнікоў мясцовай вертыкалі на тое, што добраўпарадкаванне памежных населеных пунктаў - гэта бізнес-праект, які павінен прыносіць аддачу. На яго думку, затрачаныя сродкі могуць акупіцца праз 2 гады.