Стагоддзе адзначыў Камітэт дзяржаўнага кантролю

Вековой юбилей отметил Комитет государственного контроля
Сумленнасць, непрадузятасць, альтруізм – гэта галоўныя якасці, якімі характарызуюць сучасных работнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю – ведамства, якое нядаўна адзначыла векавы юбілей.

У 1919 годзе ў Беларусі быў створаны Камісарыят дзяржкантролю – прарадзіцель сённяшняга КДК. На працягу 100 гадоў мяняліся назвы, але заставалася нязменнай сутнасць: фінансавы кантроль прадпрыемстваў і арганізацый і ахова інтарэсаў дзяржавы.

Як падкрэсліў старшыня Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Вадзім Зараўкін, дзейнасць ведамства была і застаецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. У сённяшніх падыходах пераважае папераджальны кантроль, прадухіленне парушэнняў у фінансавай і іншых сферах. За апошні час у дзясяткі разоў зменшылася колькасць праверак, пры гэтым прапарцыйна ўзрасла выніковасць. І Прэзідэнт краіны, і народ высока ацэньваюць працу галоўнага кантралюючага дзяржоргана.

– Мы канцэнтруемся на буйных справах, на якіх робіць акцэнт кіраўнік дзяржавы. Супрацоўнічаем у гэтых пытаннях з іншымі праваахоўнымі органамі, – адзначыў Вадзім Уладзіміравіч.

Крытэрыем паспяховай дзейнасці, сказаў старшыня КДК Віцебскай вобласці, служыць паказчык зэканомленых дзяржпрадпрыемствам сродкаў. І прывёў прыклад: два гады таму ў рэгіёне дзякуючы рэкамендацыям Дзяржкантролю ў сферы ЖКГ зэканомлена больш за 4 млн рублёў.

Таксама галоўны фінансавы кантралюючы орган краіны адсочвае мэтавае і эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, выяўляе парушэнні ў гэтай сферы: так, за паўгода 2019-га ў казну вернута каля 20 млн руб.

 

 

 

На сустрэчы, прымеркаванай да прафесійнага свята, работнікам і ветэранам КДК уручылі юбілейныя медалі, ганаровыя граматы Камітэта дзяржкантролю Беларусі, аблвыканкама. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, які павіншаваў віноўнікаў урачыстасці, падкрэсліў, што кантрольнае ведамства з'яўляецца яшчэ і кузняй кадраў для кіраўніцкага апарату Віцебшчыны:

– Аб калегах, якія прайшлі тут загартоўку, магу сказаць толькі адно: гэта высокапрафесійныя і годныя людзі, на якіх заўсёды можна пакласціся.

"Віцебскія весці".