Стагоддзе будынка мастацкага вучылішча адзначыць падчас святкавання ў Віцебску Дня горада

Стогадовы юбілей будынка народнага мастацкага вучылішча адзначаць падчас святкавання Дня горада ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва".

Цяпер у будынку па адрасе Праўды, 5А, які быў пабудаваны ў Віцебску роўна 100 гадоў таму, вядзецца рэканструкцыя. Пасля яе завяршэння тут размесціцца музей Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.

29 чэрвеня ў рамках святкавання Дня горада для жыхароў і гасцей Віцебска будзе арганізавана спецыяльная выстава. На стэндах, якія размесцяцца каля гістарычнага будынка, будуць прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча і канцэпцыі будучага музея. Асобным блокам у экспазіцыю ўвойдуць архіўныя дакументы і фатаграфіі, якія распавядаюць пра гісторыю будынка.

Унікальнасць гэтага збудавання ў тым, што тут не толькі працавалі, але і жылі вялікія мастакі, якія пакінулі яркі след у сусветнай мастацкай культуры. Мастацтвазнаўцы падкрэсліваюць, што Віцебскае мастацкае вучылішча можна параўнаць толькі з будынкам Баўхаўс у Берліне.

У Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва адзначылі, што свята дня нараджэння будынка вучылішча пройдзе па класічным сцэнары. Госці будуць разглядаць "сямейны альбом" (стэнды з фотаздымкамі і архіўнымі дакументамі), а мастацтвазнаўцы раскажуць пра этапы дзейнасці выкладчыкаў Віцебскага народнага мастацкага вучылішча: Казіміра Малевіча, Марка Шагала, Эль Лісіцкага, Мсціслава Дабужынскага і гісторыю стварэння мастацкага аб'яднання УНОВІС (Заснавальнікі новага мастацтва).

Будынак народнага мастацкага вучылішча першапачаткова ўяўляў сабой сямейны асабняк, які ў 1913 годзе пабудаваў віцебскі банкір Ізраіль Вішняк. Пасля падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі дом быў нацыяналізаваны. Вучлішча тут размяшчалася з 1918 па 1923 год. Гэта была першая дзяржаўная навучальная ўстанова мастацкага профілю на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

БЕЛТА