Велапрабегі ў гонар 65-годдзя Перамогі пройдуць у Верхнядзвінскім і Докшыцкім раёнах
5 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Вела- і аўтапрабегі, прысвечаныя 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пройдуць у трох раёнах Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ.
Напярэдадні Дня Перамогі, 7 мая, аўтапрабег па мясцінах баявой славы арганізуюць актывісты Лепельскай раённай арганізацыі БРСМ. Удзельнікі мерапрыемства, а гэта звыш 200 чалавек, прымуць удзел ва ўрачыстым мітынгу, наведаюць мемарыяльны комплекс "Вішнёўкі" Чашніцкага раёна, пазнаёмяцца з дзейнасцю пошукавага батальёна. У Верхнядзвінскім раёне старт велапрабегу будзе дадзены 9 мая падчас правядзення святочных урачыстасцей. Камандзе з 65 веласіпедыстаў, актывістаў БРСМ і цяжкіх падлеткаў трэба будзе пераадолець каля 30 км па маршруце, які пралягае па памятных мясцінах. Маладзёжны велапрабег у Докшыцкім раёне традыцыйна будзе прысвечаны памяці загінулых у гады вайны мірных жыхароў. 22 мая яго ўдзельнікі наведаюць вёскі Залатухі, Азарцы і Шунеўка, спаленыя акупантамі разам з насельніцтвам.
Правядзенне гэтых мерапрыемстваў з'яўляецца данінай павагі маладых пакаленняў да подзвігу беларускага народа, яго гераізму і стойкасці. Іх галоўная мэта - выхаваць пачуццё гордасці за сваю Радзіму, адказнасці за яе сучаснасць і будучыню, адзначылі ў абласным камітэце.-0-