Велападарожжы па Браслаўшчыне: дзе ўзяць у арэнду экатранспарт?
У Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры», спартыўным клубе «Дрывяціч» і нават у многіх аграсядзібах ровар прапануюць напракат. Распрацавана і абкатана 7 веламаршрутаў, якія дазваляюць максімальна поўна вывучыць славутасці краю. Ёсць шматдзённыя – доўгія і складаныя, ёсць кароткія па самых папулярных мясцінах у межах азёр Дрывяты, Струста, Снуды… Напрыклад, некалькі маршрутаў пракладзены так, каб была магчымасць наведаць экалагічныя сцежкі «Слабадзкоўская азовая града» і «Парк Бельмант», знакамітую далёка за межамі раёна гару Маяк. Выбірай па сілах і адпраўляйся ў падарожжа.
У Нацыянальным парку напракат ровар можна ўзяць на кожнай базе адпачынку. Намеснік генеральнага дырэктара Юлія Паўлоўская кажа, што іх здаецца больш за 50. «Жалезныя коні» зусім розныя: ёсць горныя для складаных умоў і прагулачныя для добрай асфальтавай дарогі, з дзіцячымі сядзеннямі і кошыкамі для багажу. Турыстам прапануюць 8 веламаршрутаў, некаторыя з іх камбінаваныя. Пры іх распрацоўцы ўлічвалася інфармацыйнае насычэнне, ступень складанасці, каб чалавек, які адпраўляецца ў падарожжа, мог разлічыць свае сілы. Але лепш, чым падарожжы на двухколавым транспарце, нічога няма, лічаць экскурсаводы парку. Павярнуў педалі, пераадолеў 7 км грунтавай дарогі – і ты на тэрыторыі вальерна-сажалковай гаспадаркі. Адпачні ў цені дрэў, выкупайся ў возеры Саванар і адпраўляйся назіраць за жывёламі ў натуральным асяроддзі іх пражывання. На падкормных пляцоўках убачыш зубры, ласёў, аленяў, казуль. А з вышыні назіральнай вышкі можна палюбавацца маляўнічай панарамай бясконцых прастораў. Гэта прыдатнае месца, каб зрабіць добры кадр на памяць.
У кожным маршруце прадугледжана свая «разыначка»: наведванне, напрыклад, касцёла ў Слабодцы з яго унікальным роспісам, або, скажам, Музея ката.
Ну а калі нешта здарылася са сродкам перамяшчэння, то зусім побач з ратавальнай станцыяй на беразе Дрывятаў устаноўлена стацыянарная станцыя для самастойнага рамонту свайго «жалезнага каня».