Веласіпедысты змогуць здзейсніць "Міёрскую кругасветку"

9 лютага, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Веласіпедны маршрут "Міёрская кругасветка", які праходзіць па тэрыторыі Беларусі і Латвіі, распрацаваны ў рамках беларуска-латвійскага праекта "Бела Дзвіна". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла PR-менеджар праекта Марына Барысава. Працягласць маршруту перавышае 410 км. Яго распрацоўшчыкі прапануюць праехаць на веласіпедзе праз населеныя пункты Міёры, Леанопаль, Верхнядзвінск, Сар'я, Росіца, Грыгораўшчына, Патарніекі, П'едруя, Дагда, Андрупена, Аглона, Краслава, Даўгаўпілс, Сілене, Урбаны, Слабодка, Маскоўцы, Браслаў, Іказнь і Міёры. На пераадоленне маршруту спатрэбіцца 9 дзён. Падчас праходжання маршруту можна ўбачыць касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі і гісторыка-этнаграфічны музей у Міёрах; палац Лапацінскіх (захаваліся палац у стылі барока, паркавы ансамбль і драўляная царква XVIII стагоддзя) і храм Святой Тройцы ў Леанопалі (Міёрскі раён); абеліск памяці вайны 1812 года, храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (пабудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя з цэглы і адноўлены пасля пажару) у Верхнядзвінску. У Бароўцы (Верхнядзвінскі раён) турысты могуць убачыць царкву Святой Ефрасінні, узведзеную ў 1907 годзе. У Латвіі іх чакае П'едруйская экалагічная сцежка ў даліне Дзвіны, Індрыцкі каталіцкі касцёл, Аглонскі музей хлеба (усходняя частка Латвіі), а на зваротным шляху - возера Струста, крыніца ў урочышчы Акмяніца, гара Маяк (адзін з лепшых аглядных пляцовак паблізу Браслаўскіх азёр) і возера Снуды. Праект "Бела Дзвіна" ахоплівае рэгіён Заходняй Дзвіны/Даугавы і фінансуецца Еўрасаюзам. Праграма накіравана на падтрымку трансгранічнага супрацоўніцтва паміж памежнымі рэгіёнамі Беларусі, Латвіі і Літвы. Асноўная мэта праекта і галоўная задача партнёраў - стварэнне адзінай трансгранічнай турыстычнай прасторы паміж Даўгаўпілсам, Полацкам і Віцебскам, а таксама інфармаванне насельніцтва аб магчымасцях гэтага рэгіёну.-0-