Венэролагі Віцебскай вобласці правядуць акцыю па бясплатным ананімным абследаванні

16 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскі абласны скурна-венералагічны дыспансер 18 лютага, які абвешчаны ў Беларусі Адзіным днём здароўя "Прафілактыка інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам", правядзе акцыю па бясплатнаму ананімнаму абследаванню жыхароў рэгіёна. Пра гэта паведаміў сёння журналістам галоўны ўрач гэтай установы аховы здароўя Віктар Спірыдонаў на прэс-канферэнцыі ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Любы чалавек, які прыйдзе 18 лютага на прыём да ўрача ў Віцебскі абласны скурна-венералагічны дыспансер і яго структурныя падраздзяленні ў раёнах вобласці, зможа атрымаць кансультацыю спецыяліста і абследавацца ананімна. Акцыя заклікана звярнуць увагу насельніцтва на пытанні рэпрадуктыўнага здароўя, а таксама спрыяць росту даверу людзей да ўрачоў, адзначыў Віктар Спірыдонаў. Акрамя таго, у межах правядзення акцыі з удзелам урачоў-венеролагаў будуць арганізаваны тэматычныя сустрэчы, круглыя сталы, лекторыі з навучэнцамі розных устаноў адукацыі, адбудуцца выступленні ў працоўных калектывах, пройдуць іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне распаўсюджвання інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам.-0-