Венесуэла будзе пастаўляць нафту ў Беларусь
16 сакавіка, Каракас /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Венесуэла будзе пастаўляць нафту ў Беларусь. Такой дамоўленасці дасягнулі прэзідэнты Беларусі і Венесуэлы Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес у выніку перамоваў, якія прайшлі 15 сакавіка ў Каракасе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У бліжэйшы час будуць падпісаны пагадненні аб пастаўках нафты з Венесуэлы ў Беларусь і аб супрацоўніцтве ў энергетычнай сферы.
Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі сустрэчы з венесуэльскім калегам, падкрэсліў: "Мы цудоўна дамовіліся аб пастаўках венесуэльскай нафты ў Беларусь. На нашы нафтаперапрацоўчыя заводы прыйдзе нафта з Венесуэлы. Мы сумесна будзем яе перапрацоўваць і рэалізоўваць нафтапрадукты на еўрапейскім рынку".
Сумеснае беларуска-венесуэльскае прадпрыемства "Петролера БелоВенесолана" сёння здабывае каля 1 млн.т нафты ў год. "Мы будзем і далей развіваць здабычу нафты ў інтарэсах абедзвюх краін", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.
Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб тым, што беларусы будуць весці газіфікацыю венесуэльскіх гарадоў і пасёлкаў. "За бліжэйшы год мы пабудуем у Венесуэле 3-4 заводы па вытворчасці трактароў, аўтамабіляў, велікагрузных аўтамабіляў, буйны цагляны завод, разлічаны на выпуск 100 тыс.т умоўнай цэглы", - сказаў беларускі лідар.
"Мы дамовіліся па ўсіх пытаннях, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У бліжэйшы час мы пабываем на будоўлях, будзем адкрываць новыя радовішчы, новыя пасёлкі, якія пабудавалі для нашых венесуэльскіх братоў".-0-