Вязальны гарадок адкрылі ў Полацку ў межах рэалізацыі праекта «Белмед»
Пашыраныя ў Еўропе паркі актыўнага адпачынку і забаў становяцца папулярнымі і ў нашай краіне. Усё больш людзей аддаюць перавагу праводзіць вольны час арыгінальна, цікава і з карысцю для здароўя. Заяўка Полацкага цэнтра мясцовых ініцыятыў як раз адпавядае тэндэнцыям часу.
Фінансавую падтрымку Еўрапейскага саюза атрымала ініцыятыва «У пагоню за здароўем», мэта якой – садзейнічанне развіццю і паспяховай жыццядзейнасці мясцовага насельніцтва праз укараненне інавацыйных напрамкаў актыўнага адпачынку. Сродкі ў суме 250 млн рублёў былі накіраваны на набыццё абсталявання, праектаванне і мантаж вяровачнага гарадку, усталяванага ў лясным масіве на тэрыторыі аддзела турызму і краязнаўства раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Дзіцячая паласа складаецца з 5, дарослая – з 14 этапаў выпрабаванняў. На дрэвах замацаваны драўляныя платформы, паміж якімі нацягнуты падвесныя масты і бярвёны, арганізаваны розныя перашкоды. Пераадолеўшы зігзагі і пятлі, можна праляцець з ветрыкам на тралеі, адчуўшы магутны прыліў адрэналіну. Драйв і экстрым гарантаваны! Цяпер, каб адчуць сябе альпіністам, не трэба ехаць у далёкія краіны, – перажыць захапляльныя прыгоды можна і побач з домам. Такі від баўлення часу, як кажуць спецыялісты, – выдатныя лекі ад хвароб, ён трэніруе сілу волі, развівае ўвагу, спрыт, упэўненасць у сабе і, вядома ж, дорыць цудоўную магчымасць адцягнуцца ад будняў, перажыць незабыўныя эмоцыі.
– Вяровачны гарадок – выдатны падарунак і дарослым, і дзецям. Ён стане "разыначкай" нашага горада, бо падобных трэніровачных комплексаў няма ні ў адным з бліжэйшых рэгіёнаў. У далейшым плануем працягнуць развіццё гэтага цэнтра актыўнага адпачынку, каб ён працаваў з максімальнай аддачай, – адзначыў намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Сяргей Лейчанка.
У гуртках аддзела турызму і краязнаўства, як расказала яго загадчыца Інга Уласевіч, сёння займаецца больш за 500 юных палачан. Для іх трэніроўкі ў вяровачным горадзе будуць бясплатнымі, астатнія аматапы экстрыму заплацяць за пракат турыстычнага рыштунку. Каб прайсці трасу або спусціцца на трэнажоры, спецыяльных навыкаў не патрабуецца. Дасведчаны інструктар растлумачыць, як і што трэба рабіць. Бяспека гарантуе надзейная страхоўка.
У ліку першых самую складаную дарослую паласу пратэставаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксей Клінішоў, а хуткасны пуск па нацягнутым канатзе – прадстаўнікі дэпутацкага корпуса. На дзіцячай паласе адразу пасля адкрыцця прайшлі спаборніцтвы ў рамках раённага турзлёту.
Ларыса МАЛАШЭНЯ, фота аўтара. "Віцебскія весці".