Верхнядзвінск пачаў падрыхтоўку да абласных «Дажынак-2018». Што зменіцца ў райцэнтры?

Восенню Верхнядзвінск стане сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2018». Падрыхтоўка аб'ектаў добраўпарадкавання і сацыяльнай сферы ўжо пачалася.

У сувязі з правядзеннем свята горад атрымае новы імпульс для развіцця і значна пераўтворыцца. Прадугледжаны вялікія аб'ёмы капітальных укладанняў. Свой уклад у агульную справу зробяць суб'екты гаспадарання ўсіх форм уласнасці.

Мясцовыя ўлады, як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Валковіч, пытанні падрыхтоўкі трымаюць на пастаянным кантролі: на пасяджэннях штабоў вядзецца дэтальны аналіз сітуацыі, прымаюцца меры для своечасовага вырашэння задач. Маштабныя пераўтварэнні закрануць практычна ўсе сферы: ад ЖКГ і капітальнага будаўніцтва да аховы здароўя, культуры, спорту.

Так, больш за 3,5 млн рублёў прадугледжваецца вылучыць на капітальны рамонт 16 жылых дамоў і бягучы рамонт яшчэ 22. Сіламі ЖЭУ ўжо адрамантавана 50% запланаваных дахаў.

Значныя змены закрануць вулічна-дарожную сетку. У цяперашні час выканана частка работ па вул. Кастрычніцкай. На экспертызе знаходзіцца праектна-каштарысная дакументацыя па капрамонце вул. Савецкай, дзе прадугледжваецца асвоіць больш за 2 млн рублёў: заасфальтаваць праезную частку, добраўпарадкаваць тратуары, замяніць асвятленне, устанавіць дарожныя знакі.

Самым буйным з сацыяльных аб'ектаў стане фізкультурна-аздараўленчы комплекс з плавальным басейнам, будаўніцтва якога таксама пачата. Будзе праведзена рэканструкцыя цэнтральнай плошчы Верхнядзвінска з выхадам на набярэжную ракі Заходняя Дзвіна, добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі і гарадскога сквера, дзе прадугледжваецца стварыць алею герояў. У адпаведнасці з канцэпцыяй азелянення ў горадзе з'явяцца новыя кветкавыя клумбы і ландшафтныя кампазіцыі.

Рамонтныя работы ахопяць дзіцячыя сады і школы, Цэнтр дзяцей і моладзі, раённы Дом культуры, цэнтральную раённую бібліятэку, дзіцячую школу мастацтваў. Для паляпшэння медыцынскага абслугоўвання пад размяшчэнне паліклінікі плануецца пераабсталяваць будынак гасцініцы. Больш камфортнымі і прывабнымі для пакупнікоў стануць аб'екты гандлю і грамадскага харчавання.

Актыўна падключаюцца да абнаўлення сваіх будынкаў і добраўпарадкавання замацаваных тэрыторый прадпрыемствы і арганізацыі райцэнтра. Мясцовыя жыхары наводзяць парадак.

Цяпер па большасці аб'ектаў ідзе падрыхтоўка праектна-каштарыснай дакументацыі, выконваюцца работы ў закрытых памяшканнях. Напрыклад, у СШ №2 сіламі наваполацкага ТАА «Навабудсервіс» праводзіцца рамонт актавай залы. Завяршыць яго, як распавёў дырэктар Дзмітрый Аухаронак, плануецца ў канцы месяца. Ужо забетнаваны падлогі, сцены рыхтуюць пад дэкаратыўную тынкоўку, вядзецца мантаж падвеснага столі на двух узроўнях, дзе прадугледжана святлодыёднае асвятленне. Праекціроўшчыкі прыдумалі цікавыя дызайнерскія рашэнні, у выніку якіх зала набудзе сучасны выгляд.

Сустрэць гасцей свята Верхнядзвінск мае намер годна. Усё, што будзе зроблена падчас падрыхтоўкі да «Дажынак», застанецца ў рэгіёне, дапаможа палепшыць інфраструктуру, павысіць якасць жыцця людзей.

"Віцебскія весці".