Верхнядзвінскія ратавальнікі вызвалілі пасажыра-«палонніка» аўтамабіля, які апынуўся пад вадой

1 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Верхнядзвінскія ратавальнікі вызвалілі пасажыра-палонніка затопленага аўтамабіля, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. ДТЗ адбылося на ўездзе ў Верхнядзвінск каля аўтамабільнага моста праз раку Дрыса. Аўтамабіль "Форд-Мондэа" пад кіраваннем кіроўцы 1985 года нараджэння з'ехаў з адхону моста і, некалькі разоў перакуліўшыся, апынуўся на даху ў рацэ на глыбіні 1,2 м і за 2 м ад берага. Да прыбыцця супрацоўнікаў экстранных службаў кіроўца знаходзіўся ў вадзе каля берага без прытомнасці, а пасажыр 1984 года нараджэння заставаўся ўнутры аўтамабіля і не мог выбрацца самастойна. Ратавальнікі з дапамогай міліцыянераў вызвалілі палонніка. Пацярпелыя былі дастаўлены ў Верхнядзвінскую цэнтральную раённую бальніцу, дзе кіроўца ад атрыманых траўмаў сканаў. Пасажыр знаходзіцца ў цяжкім стане. Па папярэдніх даных, на момант аварыі мужчыны былі ў стане алкагольнага ап'янення.-0-