Верхнядзвінскі і Глыбоцкі раёны першымі ў Віцебскай вобласці выканалі дзяржзаказ па збожжы

9 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Верхнядзвінскага і Глыбоцкага раёнаў першымі ў Віцебскай вобласці выканалі дзяржзаказ па збожжы, паставіўшы нарыхтоўчым арганізацыям адпаведна 11,5 тыс.т і звыш 6 тыс.т. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела перапрацоўчай прамысловасці, па нарыхтоўках і якасці прадукцыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Аліна Мірановіч.

Блізкія да выканання дзяржзаказу гаспадаркі Шаркаўшчынскага, Чашніцкага, Бешанковіцкага раёнаў, а таксама Аршанскага раёна, у якога самае вялікае (19,7 тыс.т) заданне па пастаўках збожжа ў кошт дзяржпатрэб. У цэлым аграрыі вобласці здалі ў кошт дзяржзаказу звыш 130 тыс.т збожжа, што складае 70,5% да плана.

Па даных на 9 жніўня, усяго ў вобласці збожжавыя і зернебабовыя скашаны на плошчы каля 278 тыс.га, або 63% ад плошчаў, што падлягаюць уборцы. Намалочана каля 888,5 тыс.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 32 ц/га. Па тэмпах уборачнай лідзіруюць гаспадаркі Чашніцкага раёна, якія скасілі ўжо амаль 85% плошчаў, што падлягаюць уборцы, а таксама Верхнядзвінскага (82,5%), Глыбоцкага (78,5%), Лепельскага (75,5%) і Шаркаўшчынскага (72,4%) раёнаў.

Самая высокая ўраджайнасць збожжавых (35,5 ц/га) захоўваецца ў гаспадарках Аршанскага раёна. Аграрыі гэтага раёна таксама ўносяць найбольшы ўклад у агульнаабласны каравай, намалаціўшы амаль 85,3 тыс.т збожжа.

Піваварны ячмень скашаны на плошчы каля 11,6 тыс.га, або 47,7% да пасеяных плошчаў. Намалочана 33,8 тыс.т гэтай культуры пры сярэдняй ураджайнасці 29,1 ц/га. Лён выцерабілі на плошчы амаль 12,5 тыс.га, або каля 70% да плана.

Пасевы азімага рапсу пад ураджай 2012 года займаюць ужо звыш 14 тыс.га, што складае 28% ад планаванай пасяўной плошчы гэтай культуры.-0-