Верхнядзвінскі лясгас нарошчвае аб'ёмы экспарту піламатэрыялаў у краіны Балтыі
У структуру лясгаса, размешчанага на плошчы 105,7 тыс. га, сёння ўваходзіць 9 лясніцтваў, паляўнічая гаспадарка, гадавальнік па вырошчванні пасадачнага матэрыялу і дрэваапрацоўчы цэх, які апошнім часам значна абнавіўся.
За кошт уласных сродкаў тут усталявалі сучасныя лініі сартавання і перапрацоўкі нарыхтаванай драўніны, удасканалілі стужкавую і ацыліндраваную вытворчасці, пабудавалі пляцоўку для захоўвання лесаматэрыялаў. Мадэрнізацыя магутнасцей дазволіла выпускаць больш прадукцыі лепшай якасці, павысіць яе канкурэнтаздольнасць.
Толькі за апошні год, як расказаў дырэктар лясгаса Андрэй Студзянкоў, аб'ёмы вытворчасці піламатэрыялаў павялічыліся на чвэрць – з 800 да 1100 кубаметраў у месяц. Прычым 55% вырабаў, якія выпускаюцца, цяпер пастаўляецца на экспарт, а да канца года гэты паказчык павінен скласці 60%. Дадзены від дзейнасці прыносіць прадпрыемству найбольшы прыбытак, таму з'яўляецца перспектыўным напрамкам развіцця.
У цэху занята больш за 30 чалавек. Праца людзей арганізавана пасменна – два праз два дні па 12 гадзін, што дазваляе падраздзяленню працаваць без выхадных пад поўную загрузку вытворчасці.
– Попыт на нашу прадукцыю ёсць, водгукі пра яе – самыя добрыя. Будзем старацца і далей апраўдваць давер нашых пакупнікоў, – адзначыў начальнік цэха дрэваапрацоўкі Антон Паўлючык.
На экспарт лясгас пастаўляе абрэзную дошку розных памераў і будаўнічы брус розных драўняных парод. На ўнутраным рынку, акрамя піламатэрыялаў, рэалізуюцца ацыліндраваныя вырабы і нарыхтоўкі для зрубаў. Пад заказ на прадпрыемстве вырабляюць альтанкі, дамы, лазні з ацыліндраваных бярвёнаў.
Адходы таксама ідуць у даходы: здрабняюцца на спецыяльнай машыне для драбнення. Штомесяц яна выпрацоўвае да 1300 кубаметраў паліўнай шчэпкі, якая таксама запатрабавана замежнымі спажыўцамі, а ў раёне выкарыстоўваецца на кацельных устаноўках для ацяплення і гарачага водазабеспячэння жылога фонду.
Альтанкі і малыя архітэктурныя формы ўласнага вырабу лясгас актыўна выкарыстоўвае для добраўпарадкавання вытворчых тэрыторый, якія можна назваць узорам дагледжанасці і навядзення парадку на роднай зямлі. Падарункам гораду стала стварэнне ў лясным масіве на ўскраіне Верхнядзвінска ўтульнага месца адпачынку пад назвай «Лясная казка».
Там пабудаваны вальеры для жывёл, абсталяваны дзіцячая гульнявая пляцоўка і сцежка здароўя, устаноўлены арыгінальныя драўляныя скульптуры. Мінулай вясной работнікі лясгаса добраўпарадкавалі тэрыторыю казачнага кутка – дадалі архітэктурных вынаходак, навялі прыгажосць, каб мясцовыя жыхары і турысты адчувалі сябе яшчэ больш камфортна.