Верхнядзвінскі масласырзавод да 2011 года пабудуе цэх для сушкі сыроваткі
16 красавіка, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Верхнядзвінскі масласырзавод мае намер да пачатку 2011 года завяршыць будаўніцтва цэха для сушкі сыроваткі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны эканаміст прадпрыемства Аляксандр Шабанаў.
Да будаўніцтва цэха на прадпрыемстве прыступілі ў 2009 годзе. Праект рэалізуецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай перапрацоўкі малочнай сыроваткі і вытворчасці сухога малака на 2008-2010 гады. На яго ажыццяўленне плануецца накіраваць каля Br14 млрд. Новы цэх разлічаны на сушку 200 т сыроваткі ў суткі. Абсталяванне ўжо дастаўлена са Славакіі. Архітэктурны праект цэха прайшоў экспертызу. Закладзены падмурак, устаноўлены палі пад будучы корпус і, як толькі дазволілі ўмовы надвор'я, пачата будаўніцтва корпуса будынка.
Сушка сыроваткі, якая застаецца пасля перапрацоўкі малака, дазволіць наладзіць безадходную вытворчасць, вырашыць праблемы з утылізацыяй вытворчых адходаў. Сыроватка багата малочнымі бялкамі, лактоглабулінам, лактаальбумінам і імунаглабулінам. Сухая сыроватка з'яўляецца сыравінай для харчовай, фармакалагічнай прамысловасці, выкарыстоўваецца для вырабу заменніка суцэльнага малака ў жывёлагадоўлі для выпойвання цялят. Па разліках спецыялістаў, гэтая прадукцыя будзе запатрабавана на ўнутраным і знешнім рынках. Частку сухой сыроваткі плануецца экспартаваць.
Аб'ём інвестыцый у 2009 годзе на прадпрыемстве склаў Br27,4 млрд., што ў 5,8 раза больш, чым за 2008 год. У першым квартале бягучага года асвоена Br7,4 млрд. інвестыцый, што ў 4,6 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
У 2009 годзе на заводзе ўведзены ў эксплуатацыю новы цэх па вытворчасці сыроў, які можа працаваць аўтаномна, бо мае дзве ўласныя артэзіянскія свідравіны і сістэму абястлушчвання вады, аўтаномную кампрэсарную, ачышчальныя збудаванні і ўласную кацельню. Завершаны другі этап рэканструкцыі кацельні. Закуплены другі кацёл. Рэканструкцыя вялася з разлікам на новую вытворчасць - цэх па выпуску сухой сыроваткі. У 2009 годзе скончана будаўніцтва ачышчальных збудаванняў. Пры яго будаўніцтве было выкарыстана галандскае абсталяванне закрытага тыпу, што дазволіць палепшыць экалагічную абстаноўку ў рэгіёне. Прадугледжана таксама ультрафіялетавае абеззаражванне сцёкавых вод. У бліжэйшы час плануецца рэканструяваць цэх па вытворчасці суцэльнамалочнай прадукцыі.
Верхнядзвінскі масласырзавод створаны ў 1964 годзе, акцыянаваны ў 1999 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці цвёрдых сычужных сыроў. Удзельная вага жырных сыроў у агульным аб'ёме вытворчасці прадукцыі складае больш за 60%. Асартымент налічвае каля 60 найменняў прадукцыі. За першы квартал бягучага года выраблена прадукцыі ў супастаўных цэнах на Br14 млрд., што на 18% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Вытворчасць спажывецкіх тавараў узрасла на 28,7% і склала Br15,8 млрд.-0-