Верхнядзвінскі масласырзавод прадставіў сваю прадукцыю на найбуйнейшай выставе ў Кітаі

ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод» прадставіла сваю прадукцыю ў Кітаі. Прадпрыемства прыняло ўдзел у Міжнароднай выстаўцы прадуктаў харчавання «Sial China – 2016» у Шанхаі.
На адной з найбуйнейшых харчовых выставак у свеце вытворцы з Верхнядзвінска былі адзінымі прадстаўнікамі Віцебшчыны. У цэлым беларускія прадпрыемствы прывезлі мясныя дэлікатэсы, каўбасы, паўфабрыкаты, прадукты з птушкі, хлебабулачныя вырабы і замарожаныя прадукты, а таксама розныя віды сыроў, масла, сухое малако, малочную сыроватку. Усяго ж у выстаўцы прыняло ўдзел каля 2 900 экспанентаў з больш чым 70 краін свету, іх стэнды размясціліся на плошчы звыш 130 тыс. кв. м.

– Мы прадстаўлялі даволі новы для кітайскага рынку прадукт – сыр, які наведвальнікі выстаўкі з цікавасцю дэгуставалі. Ён сапраўды для іх у навінку, бо ў Азіі абсалютна іншая культура харчавання. Але больш перспектыўнай у плане супрацоўніцтва можа стаць сухая дэмінералізаваная малочная сыроватка для вырабу дзіцячага харчавання, яе ўзоры мы пакінулі патэнцыйным кітайскім партнёрам, – адзначыў маркетолаг ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод» Віктар Крупенька.

Ці ўдасца выйсці беларускім вытворцам на такі спецыфічны і перспектыўны рынак, пакажа час. На гэтым шляху трэба будзе пераадолець не толькі тысячы кіламетраў, але і даволі высокую канкурэнцыю.

Вольга Маслоўская, «Віцебскія весці». Фота з сайта БелГПП.