Верхнядзвінскі масласырзавод выпусціў у новым цэху першыя 20 т сыроў
4 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Першыя 20 т цвёрдых сыроў выраблены ў новым сыраробным цэху ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Андрэй Беззубаў.
Паводле яго слоў, новае падраздзяленне прадпрыемства можна параўнаць з заводам па вытворчасці сыроў. Тут устаноўлена абсталяванне аўстрыйскай кампаніі "Берч-Ласка Прадукцыёнс-унд Хандэльс ГМБХ", якое ўяўляе сабой адзіны комплекс - ад сістэм ачысткі вады ад жалеза да ачысных збудаванняў і ўласнай кацельні. Лінія аснашчана сістэмай мыцця CIP, якая адпавядае еўрапейскім патрабаванням. Тэхналагічнае абсталяванне цалкам выключае чалавечы фактар пры вытворчасці сыроў, усе працэсы аўтаматызаваны і праходзяць пад кантролем аператараў.
Увод у эксплуатацыю сучаснага сыраробнага цэху дазволіць прадпрыемству ў 2 разы павялічыць асартымент выпускаемай прадукцыі і пачаць вытворчасць сыроў расійскай групы і сыроў на прапіёнавых бактэрыях. Раней у Верхнядзвінску выпускаліся сыры толькі галандскай групы, растлумачыў дырэктар. Акрамя таго, на новай аўтаматычнай лініі перапрацоўваецца 180 т малака ў суткі, да гэтага прадпрыемства перапрацоўвала да 120 т. Прагназуемая вытворчасць прадукцыі складзе 5-6 тыс.т сыроў у год.
Масласырзавод спецыялізуецца на вытворчасці 6 відаў сыроў і малочнай прадукцыі, усяго каля 40 відаў вырабаў. За першы квартал 2009 года акцыянернае таварыства вырабіла таварнай прадукцыі ў супастаўных цэнах на Br11,2 млрд. Тэмп росту склаў 111%. Экспартавана прадукцыі больш чым на $3 млн.
ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод" зарэгістравана ў 1999 годзе. Заснавальнікам прадпрыемства з'яўляецца Віцебскі аблвыканкам. Дзяржаве належыць 95,3% акцый.-0-