Верхнядзвінскі масласырзавод пашырыў аб'ёмы і геаграфію экспарту
За мінулы год Верхнядзвінскі масласырзавод пашырыў аб'ёмы і геаграфію экспарту, а ў цяперашнім ужо паспеў папоўніць скарбонку сваіх узнагарод на прэстыжнай міжнароднай выстаўцы.
З залатым медалём і дыпломам першай ступені за сыры «Маасдамэр» і «Стары манах» з водарам топленого малака вярнуліся прадстаўнікі прадпрыемства з XXIII Міжнароднай выстаўкі прадуктаў харчавання «Прадэкспа-2016», якая праходзіла ў лютым у Маскве. Акрамя таго, там жа дыпломам другой ступені быў адзначаны сыр «Пармезан вытрыманы» – адна з апошніх навінак прэміум-класа са срокам вытрымкі 12 месяцаў. Варта адзначыць, што канкурэнцыю ў конкурсе-дэгустацыі беларускаму вытворцу складалі буйныя кампаніі, у тым ліку з краін, вядомых сваімі векавымі сыраробнымі традыцыямі, – Францыі, Італіі, Галандыі, Бельгіі і Германіі. Выказвалі пашану верхнядзвінскім тэхнолагам і расійскія калегі, адзначаючы, што ім ёсць чаму павучыцца ў беларусаў.
Зрэшты, што тычыцца Верхнядзвінскага масласырзавода, то ў яго ёсць чаму павучыцца і некаторым айчынным прадпрыемствам, тут у самы час выпускаць дапаможнік «Як выжываць у няпростыя эканамічныя часы». Вядома, не ўсё так бязвоблачна на верхнядзвінскім малочна-сырным гарызонце, але тут выразна ведаюць, што цяпер як ніколі не абысціся без мабільнасці, камунікацый, а галоўнае – адказнасці за вынікі сваёй працы, за якасць прадукцыі. У выніку за мінулы год, які многім ударыў, гэтаму заводу ўдалося нарасціць аб'ём вытворчасці прадукцыі і паставак яе на экспарт. У лічбах гэта выглядае так: у 2015-м выпуск сыроў да 2014-га склаў 115,4%, сухой дэмінералізаванай сыроваткі – 116,1%, экспарт сыроў вырас у натуральным выражэнні на 67%, масла – на 9%, сухой сыроваткі – на 8%. Акрамя таго, асвоены новыя рынкі збыту: Узбекістан, Кыргызстан, Казахстан, значна пашырана геаграфія паставак у рэгіёны Расійскай Федэрацыі.
– Так, год быў няпростым, але мы змаглі выстаяць. Безумоўна, гэтаму спрыялі праведзеная раней мадэрнізацыя, пастаяннае асваенне новых відаў прадукцыі, пошук інавацыйных рашэнняў і жорсткі кантроль за якасцю, – адзначае генеральны дырэктар ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод» Пётр Лаўрынаў.
Гэта значыць, што сродкі, укладзеныя некалькі гадоў таму ў мадэрнізацыю, у прыватнасці, устаноўку высокатэхналагічных ліній па выпуску сыроў, сухой дэмінералізаванай сыроваткі і ўзвядзенне новага цэха па вытворчасці масла, сябе яшчэ як апраўдалі. Такая тэхнічная комплектацыя дазваляе сёння выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, задавальняць запыты спажыўцоў. Так, у апошні час прадпрыемства асвоіла вытворчасць элітнай лінейкі аналагаў традыцыйных еўрапейскіх сыроў: галандскіх «Гауда», «Эменталер», швейцарскага «Маасдамер», італьянскіх «Асьяга», «Пармезан». Наладжваецца выпуск сыроў з напаўняльнікамі кмен, папрыка, часнык, грэцкі арэх. Удасканальваецца і фасоўка. Цяпер верхнядзвінскія сыры можна ўбачыць на паліцах крам цёртымі ў пакаванні дой-пак, з'явіліся плаўленыя сыры ў шкляначках з напаўняльнікамі, а таксама галоўкі сыроў у латэксным пакрыцці, якое дае эфект паспявання прадукту, нібыта ў яечнай шкарлупіне, менавіта па такой тэхналогіі пакуюцца еўрапейскія сыры.
Пры вытворчасці прадуктаў многае, вядома, залежыць ад якасці малака. Але тут надзейнае плячо падставіў раён.
– У нас добра развітая ўласная сыравінная зона, бо дзякуючы граматнаму падыходу мясцовай улады Верхнядзвінскі раён па вытворчасці малака займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. Да нас яно паступае ў асноўным з 14 прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу. Больш за ўсё пастаўляюць «Прудзінкі», «Шайцерава» і «Дрысенскі», якія сваімі дасягненнямі вядомыя далёка за межамі рэгіёна. Амаль 16 тон малака на суткі, прычым толькі экстра-класа, атрымліваем ад УПП «Ужыца-Агра», якое стала нашым філіялам і дзе мы сваімі сіламі правялі рэканструкцыю жывёлагадоўчых ферм, пабудавалі новы рабатызаваны малочна-таварны комплекс. Якасць сыравіны правяраем пры паступленні на завод, так што некандыцыя не пройдзе, у гэтым можаце быць упэўнены, – адзначае Пётр Пятровіч.
Як сведчыць дзень сённяшні, вырабіць – гэта яшчэ не ўсё, трэба ўмець прадаць гатовую прадукцыю ва ўмовах дастаткова высокай канкурэнцыі. І пажадана заваяваць пазіцыі не толькі на ўнутраным рынку, але і на знешнім. Як Верхнядзвінскаму масласырзаводу гэта ўдаецца? Па-першае, адзначае генеральны дырэктар, на прадпрыемстве зладжана і творча працуе маркетынгавая служба, вядзецца актыўная дзейнасць па прасоўванні брэнда. Па-другое, завод стараецца ўдзельнічаць у кірмашах, выстаўках, конкурсах – як рэспубліканскіх, так і міжнародных, і гэта дае належны эфект. Да прыкладу, у верасні мінулага года прадстаўнікі масласырзавода пабывалі на беларускай гандлёвай выстаўцы-кірмашы ў рамках другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Сочы, дзе было рэалізавана звыш тоны сыру і сметанковага масла, у тым ліку аналагі сыроў элітнай еўрапейскай групы, якія ў суседняя краіне трапілі пад дзеянне прадуктовага эмбарга. І, вядома, за брэндам павінен ісці чаканы прадукт і нават лепш, для чаго неабходна пастаянна ўдасканальвацца.
– Развіццё прадпрыемства немагчыма без пастаяннай мадэрнізацыі, – упэўнены Пётр Лаўрыновіч. – Таму на бліжэйшыя гады распрацаваны перспектыўны план, якім прадугледжана пашырэнне цэха па выпуску сыроў, павелічэнне магутнасцей па іх фасоўцы за кошт укаранення ў вытворчасць слайсернай нарэзкі з фіксаванай вагой і аўтаматычнай станцыі ўзважвання. У распрацоўцы знаходзіцца пытанне ўдасканалення абсталявання цэха сушкі сыроваткі са ступенню дэмінералізацыі 90% з больш высокім даданым коштам. І нягледзячы на цяжкасці, мы маем намер увасобіць гэтыя планы ў рэальнасць.
Вольга Маслоўская. Фота аўтара. "Віцебскія весці".