Верхнядзвінскі раён 4 ліпеня прыме ўдзельнікаў 51-й сустрэчы ветэранаў трох краін на Кургане Дружбы

1 ліпеня, Віцебск /Сяргей Качавет – БЕЛТА/. 51-я сустрэча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны на Кургане Дружбы, размешчаным на мяжы Беларусі, Расіі і Латвіі, адбудзецца 4 ліпеня. Сёлета прымаць гасцей будзе беларускі бок, асноўныя мерапрыемствы пройдуць на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы райвыканкама. Па традыцыі мерапрыемства пачнецца з шэсця калон ветэранаў з тэрыторыі трох краін па сцежках да Кургана Дружбы. На ўрачыстым мітынгу ўдзельнікі сустрэчы ўспомняць баявых таварышаў, ушануюць іх памяць хвілінай маўчання. Афіцыйную частку ўрачыстасцей працягне цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да помнікаў героям-камсамольцам вёскі Прошкі, які размешчаны на беларускім баку, Герою Савецкага Саюза Марыі Пынто ў Расіі. Латвійскія ветэраны ўскладуць кветкі ад імя ўдзельнікаў сустрэчы да помніка Герою Савецкага Саюза Іманту Судмалісу, які ўзведзены на латвійскай зямлі. Перад удзельнікамі сустрэчы выступяць ансамбль танца, музыкі і песні "Талака" Віцебскай абласной філармоніі і хор "Ветэран" Верхнядзвінскага раённага дома культуры. Завяршальным акордам памятнай сустрэчы стане вечар успамінаў ля імправізаванага вогнішча Дружбы, у рытуале запальвання якога па традыцыі прымуць удзел прадстаўнікі трох краін. У складзе дэлегацый трох краін будуць удзельнікі моладзевых арганізацый і, магчыма, на беларускай зямлі зародзіцца супрацоўніцтва моладзі Себежскага і Верхнядзвінскага раёнаў па розных напрамках грамадскага жыцця. Арганізатары мерапрыемства разгорнуць на месцы сустрэчы шэраг выставачных пляцовак, дзе будуць прадстаўлены экспазіцыя фатаграфій "Твары Перамогі", творчыя работы навучэнцаў раёна, а таксама кніжная выстава, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя таго, для ветэранаў і членаў афіцыйных дэлегацый будуць разгорнуты гандлёвыя рады, на якіх можна будзе азнаёміцца і набыць разнастайную прадукцыю прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Усяго ў традыцыйнай памятнай сустрэчы ветэранаў чакаецца ўдзел каля 1 тыс. чалавек. Курган Дружбы быў насыпан у 1959 годзе на мяжы трох рэспублік – Беларусі, Расіі і Латвіі – у гонар баявога садружнасці партызан і падпольшчыкаў. Зямля для Кургана ўзята з магіл партызан і воінаў Чырвонай Арміі, якія аддалі жыццё за Радзіму, на яго вяршыні расце дуб як сімвал непарушнай дружбы трох народаў. У Курган умантаваны тры гранітныя пліты, на якіх на трох мовах напісана: "Курган Дружбы ўзведзены на стыку межаў трох братніх рэспублік у гонар баявой дружбы, змацаванай крывёю ў гады Вялікай Айчыннай вайны рускіх, беларускіх і латышскіх партызан. Адкрыты 3 ліпеня 1959 года". Ад Кургана пракладзены тры алеі: у бок Беларусі алея засаджана бярозамі, Расіі – клёнамі, Латвіі – ліпамі. У канцы бярозавай алеі на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна (Віцебская вобласць) размешчаны мемарыяльны музей, экспазіцыя якога прысвечана партызанскаму руху.-0-