Вярхоўны суд Беларусі падрыхтаваў праект амністыі да 65-годдзя Перамогі

31 сакавіка, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Вярхоўны суд Беларусі падрыхтаваў праект амністыі да 65-годдзя Перамогі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня суда Валянцін Сукала, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праект закона па амністыі будзе прадстаўлены Прэзідэнту Беларусі, а затым накіраваны ў парламент. Па словах старшыні суда, амністыя закране вялікую катэгорыю асуджаных. Мяркуецца, што будуць амніставаны ўдзельнікі баявых дзеянняў, жанчыны, інваліды, а таксама непаўналетнія, якія асуджаны за злачынствы, што не ўяўляюць грамадскай небяспекі. "Амністыя закране наогул усіх, хто здзейсніў менш цяжкія злачынствы і злачынствы, што не ўяўляюць грамадскай небяспекі", - сказаў Валянцін Сукала. Пры гэтым такі чалавек павінен адбыць не менш за чвэрць пакарання і кампенсаваць прычыненую шкоду. Як адзначыў старшыня суда, сярод асуджаных у Беларусі такіх грамадзян каля 90%. Чвэрць з іх знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Амністыя не закране тых, хто ўжо быў амніставаны раней, а потым здзейсніў злачынства. Па словах Валянціна Сукалы, такіх людзей дастаткова мала, і той невялікі працэнт не дыскрэдытуе саму ідэю амністыі. -0-