Вiцебск пачаў вяшчанне лічбавага тэлебачання

15 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вяшчанне лічбавага тэлебачання пачалося ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім філіяле РУП "Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр". Праект рэалізаваны па плане паскоранага ўкаранення лічбавага тэлевізійнага вяшчання ў Беларусі, распрацаваным у адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай укаранення лічбавага тэлерадыёвяшчання да 2015 года. Фінансаванне праекта ажыццяўлялася са сродкаў інавацыйнага фонду Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. На Віцебскай радыётэлевізійнай перадаючай станцыі ўстаноўлены лічбавы перадатчык стандарту DVB-T са сцісканнем сігналу MPEG-4/AVC, які трансліруе тэлепраграмы на 43 канале. Цяпер вяшчанне вядзецца ў доследным рэжыме. Спецыялісты праводзяць адладку і карэкціроўку сігналу для забеспячэння яго ўпэўненага прыёму спажыўцамі ў разліковай зоне абслугоўвання, якая складае 30 км. Віцяблянам і жыхарам бліжэйшых да абласнога цэнтра тэрыторый цяпер даступныя ў лічбавым фармаце 8 праграм: "Першы канал", АНТ, "Лада", СТБ, "НТБ - Беларусь", "РТР - Беларусь", "8 канал", "Мір". Віцебск стаў чацвёртым населеным пунктам вобласці, дзе ўкаранёна наземнае лічбавае вяшчанне. Раней у Віцебскай вобласці вяшчанне лічбавага тэлебачання было арганізавана ў Шаркаўшчынскім раёне і Оршы. У 2009 годзе лічбавае тэлебачанне стала даступна жыхарам Браслаўскага раёна. У бягучым годзе таксама плануецца арганізаваць наземнае эфірнае лічбавае тэлевяшчанне ў населеным пункце Асвея (Верхнядзвінскі раён), дзе завяршаецца будаўніцтва новай перадаючай станцыі. Гэтая аддаленая тэрыторыя раёна знаходзіцца па-за зонай упэўненага прыёму дзеючых перадатчыкаў. Праект рэалізуецца ў адпаведнасці з абласной праграмай будаўніцтва, тэхнічнага пераўзбраення і пашырэння радыётэлевізійных станцый. Для прыёму лічбавага сігналу на звычайны аналагавы тэлевізар неабходна мець лічбавую прыстаўку адпаведнага стандарту. Але аналагавае тэлевяшчанне будзе працягвацца паралельна з лічбавым аж да поўнага пераходу на лічбавыя перадатчыкі ў Беларусі. Укараненне лічбавых тэхналогій дазваляе не толькі павялічыць колькасць праграм, што распаўсюджваюцца, але і значна палепшыць якасць гуку і малюнка.-0-