Вяшчанне лічбавага тэлебачання ў Віцебску плануецца арганізаваць у III квартале 2009 года
29 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вяшчанне лічбавага тэлебачання ў Віцебску плануецца арганізаваць у III квартале 2009 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім філіяле рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр" (РУП "БРТПЦ").
Праект рэалізуецца ў адпаведнасці з планам паскоранага ўкаранення лічбавага тэлевізійнага вяшчання ў Беларусі, распрацаваным у адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай унядрэння лічбавага тэлевізійнага вяшчання да 2015 года. Фінансаванне праекта ажыццяўляецца са сродкаў інавацыйнага фонду Міністэрства сувязі. Цяпер вядуцца мантажныя работы на Віцебскай радыётэлевізійнай перадаючай станцыі. Пасля ўстаноўкі лічбавага тэлевізійнага перадатчыка жыхарам Віцебска і бліжэйшых да абласнога цэнтра тэрыторый стануць даступныя на 43 канале ў лічбавым фармаце 8 праграм - "Першы канал", "АНТ", "ЛАД", "СТБ", "НТБ - Беларусь", "РТР - Беларусь", "8 канал", "Мір". У Віцебску будзе прыменены стандарт удасканаленага сціскання сігналу для лічбавага тэлебачання MPEG-4./AVC.
У 2009 годзе лічбавае тэлебачанне стала даступна жыхарам Браслаўскага раёна. На Браслаўскай радыётэлевізійнай перадаючай станцыі ўстаноўлены лічбавы перадатчык стандарту DVB-T са сцісканнем сігналу MPEG-4/AVC, які трансліруе 8 праграм на 43 канале. Разліковая зона абслугоўвання перадатчыка складае 36 км. Акрамя таго, у бягучым годзе плануецца арганізаваць наземнае эфірнае лічбавае тэлевяшчанне ў населеным пункце Асвея (Верхнядзвінскі раён), дзе прадугледжваецца пабудаваць новую перадаючую станцыю. Гэтая аддаленая тэрыторыя раёна знаходзіцца па-за зонай упэўненага прыёму дзеючых перадатчыкаў. Праект рэалізуецца ў адпаведнасці з абласной праграмай будаўніцтва, тэхнічнага пераўзбраення і пашырэння радыётэлевізійных станцый. У Віцебскай вобласці лічбавае тэлебачанне ўжо могуць глядзець жыхары Шаркаўшчынскага раёна і Оршы.
Для прыёму лічбавага сігналу на звычайны аналагавы тэлевізар неабходна мець лічбавую прыстаўку адпаведнага стандарту. Але аналагавае тэлевяшчанне будзе працягвацца паралельна з лічбавым вяшчаннем аж да поўнага пераходу на лічбавыя перадатчыкі ў Беларусі. Укараненне лічбавых тэхналогій дазваляе не толькі павялічыць колькасць праграм, што распаўсюджваюцца, але і значна палепшыць якасць гуку і малюнка.-0-