Вясёлую забаву па паяданні клёцак ладзяць полацкія абжоры
10 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Вясёлую забаву па паяданні дранікаў - нацыянальнай стравы беларусаў - ладзяць у Полацкім раёне 13 верасня, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Полацкага райвыканкама.
Дзясятак сельсаветаў, некалькі прадпрыемстваў ужо падалі заяўкі на ўдзел у раённым конкурсе "Абжора-2009", які праходзіць пад дэвізам "Хто як працуе, той так і есць". Камандзе з трох чалавек трэба будзе спаборнічаць у трох намінацыях: "Жалезны страўнік" - на таго, хто больш з'есць дранікаў за пэўны прамежак часу, "Спрытныя сківіцы" - хто больш з'есць мініяцюрных дранікаў з дапамогай зубачысткі, а таксама "Хто паспеў, той і з'еў", пераможцам якой стане той, хто хутчэй з'есць пэўную порцыю гэтай нацыянальнай стравы.
Прыватнае прадпрыемства "БелКа-Цэнтр" ужо прыгатавала не адзін кілаграм дранікаў для конкурсантаў, а прызы пераможцам рыхтуюць мясцовы малочны камбінат і Полацкі камбінат хлебапрадуктаў. Зразумела, для аматараў паесці лепшым падарункам стануць прадуктовыя наборы.
Арганізатарам гэтага вясёлага спаборніцтва, якое пройдзе ў вёсцы Гараны, з'яўляецца райвыканкам. Як спадзяюцца арганізатары, забава можа перасягнуць рамкі раёна, бо аматары беларускіх дранікаў жывуць не толькі ў Беларусі. Да таго ж у раёне зараз актыўна развіваецца турыстычная сфера, распрацавана 4 экскурсійныя маршруты, у адзін з якіх і ўвайшла вёска Гараны.
Спаборніцтвы едакоў праводзяцца ва ўсім свеце. На хуткасць і колькасць паядаюць бліны, піцу, піражкі, кексы. Існуе нават конкурс па паяданні яблыкаў без дапамогі рук. Самай папулярнай стравай сярод спартсменаў-абжор з'яўляецца, верагодна, хот-дог. Па яго хуткасным паяданні праводзіцца нават чэмпіянат свету.-0-