Вясновы сонечны прамень ледзь не падпаліў кватэру ў Віцебску

21 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Вясновы сонечны прамень ледзь не падпаліў кватэру ў Віцебску. Пра незвычайную, але навукова тлумачальную прычыну пажару ў шматпавярховіку ў абласным цэнтры карэспандэнту БЕЛТА распавялі ў Віцебскім гарадскім аддзеле МНС. Паведамленне аб тым, што ў кватэры на дзясятым паверсе віцебскага новабудаўніцтва, верагодна, адбылося ўзгаранне, паступіла на пульт дзяжурнага МНС позна ўвечары. Пажарныя, якія прыехалі, убачылі амаль згарэлы на ложку плед, выгарэлую пасцель, моцна задымленыя сцены ва ўсёй кватэры, праўда, адкрытага агню не было. Па словах гаспадыні, яна рана раніцай пайшла на працу і вярнулася толькі а дзесятай гадзіне вечара, больш у кватэры нікога не было. Устанаўліваючы прычыну ўзгарання, спецыялісты пераканаліся, што ўсе электрапрыборы ў кватэры былі адключаны, электраправодка знаходзілася ў поўным парадку. Яны ўжо гатовыя былі паверыць у патэртэйст, калі іх увагу прыцягнула невялікае люстэрка, якое стаяла на століку ля акна: з аднаго боку яно было звычайным, а з другога выпуклым, як лінза. Адразу ўспомніўся і школьны курс фізікі, і вясёлае дзяцінства, калі з дапамогай сонечнага прамяня і павялічвальнага шкла кожны хоць раз спрабаваў здабыць агонь. Але пажарныя - людзі сур'ёзныя, таму на наступны дзень яны вырашылі правесці эксперымент і пераканацца ў тым, што выпуклы люстэрка і адлюстраваны ад яго прамень сапраўды сталі прычынай пажару. Як аказалася, на тое, каб такім спосабам падпаліць плед, неабходна ўсяго пяць секунд. Можна толькі ўявіць, колькі разоў прагараў гэты самы плед на працягу ўсяго дня, пакуль у акно свяціла яркае вясновае сонца, і як доўга пад ім тлела пасцель. Агонь не разгарэўся толькі таму, што ў кватэры былі зачынены ўсе фортачкі, і не было доступу кіслароду. Па словах пажарных, такіх прычын пажару ў кватэрах яны не прыгадваюць, а вось у лясах, калі сонечны прамень, адлюстраваны праз бутэлькавы асколак, станавіўся прычынай пажару, бывае нямала.-0-