Вешаць калодкі бабылям будуць на Масленіцу ў Лёзне
12 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Першы абласны фестываль абрадавай фалькларыстыкі "А ў нас сёння Масленка!" адбудзецца 14 лютага ў Лёзне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік Лёзненскага райвыканкама Ірына Дзерваед.
У вялікім свяце прымуць удзел 10 дзіцячых і дарослых фальклорных калектываў з Лёзненскага, Полацкага, Гарадоцкага, Віцебскага, Дубровенскага раёнаў і Наваполацка. Мерапрыемства пачнецца вясёлым шэсцем, падчас якога іскрыстыя скамарохі пад гукі цымбал і гармонікаў будуць запрашаць усіх на галоўную сцэнічную пляцоўку. Менавіта там і разгорнецца асноўнае дзеянне: кожны калектыў пакажа свой мясцовы аўтэнтычны абрад правядзення зімы. Напрыклад, лёзненскія фалькларысты будуць вешаць калодкі бабылям. Нежанатым мужчынам і маладым людзям трэба будзе адкупляцца жартамі, песнямі ды скокамі, каб не атрымаць у якасці бясплатнага "ажар'я" на шыю цяжкую калоду.
Традыцыйнай сімвалічнай стравай Масленіцы з'яўляюцца бліны. На свяце будуць прадстаўлены разнастайныя віды: з маслам, тварагом, варэннем, мачанкай і іншымі начынкамі. Пры гэтым акрамя бліноў удзельнікі фестывалю таксама змогуць паспрабаваць масленічныя абрадавыя стравы кожнага з рэгіёнаў, прадстаўленых на свяце. Якімі прысмакамі фальклорныя калектывы будуць здзіўляць гасцей, арганізатары вырашылі пакінуць у сакрэце. "Даведаецца той, хто прыедзе ды паспрабуе!", - адзначыла суразмоўніца.
Традыцыйным завяршэннем свята стане вялікі карагод і спаленне пудзіла зімы пад песні-вяснянкі.
Фестываль закліканы садзейнічаць захаванню мясцовых абрадаў, а таксама іх больш актыўнаму выкарыстанню ў святах. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць аддзел культуры Лёзненскага райвыканкама і Віцебскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці.-0-