Вясна прыкаціць у парк адпачынку Віцебска на ролікавых каньках
15 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Вясна сёння закаціцца ў парк адпачынку Віцебска на ролікавых каньках, запэўнілі карэспандэнта БЕЛТА ў цэнтры культуры "Віцебск".
Упершыню ў парку культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі, які ўваходзіць у склад цэнтра культуры, да веснава-летняга сезона прапануюць модныя формы актыўнага адпачынку. З 15 красавіка па паркавых дарожках можна пракаціцца на скейтбордзе, ролікавых каньках. Пункт пракату гатовы забяспечыць жадаючых спартыўным інвентаром і ахоўнай амуніцыяй. Акрамя таго, цэнтр культуры хоча адрадзіць былую любоў гараджан да паркавых шахматных і шашачных турніраў. Згуляць партыю можна будзе прама на лаўцы, а шахматы ўзяць напракат. Арганізатары актыўнага адпачынку паклапаціліся пра аматараў веласіпедных прагулак, настольнага тэнісу і бадмінтона - для іх таксама закуплены новы інвентар. Кошт яго пракату не перавышае Br6 тыс.
Да нядаўняга часу адзінай славутасцю некалі папулярнага гарадскога парка культуры і адпачынку з'яўляліся кафэ і зарослыя алеі. Стаўшы структурным падраздзяленнем цэнтра культуры, парк стаў адраджаць традыцыі сямейнага актыўнага адпачынку. У гэтую зіму тут можна было пакатацца на лыжах і санках. Увесь інвентар закупляецца на сродкі цэнтра культуры. За зіму парк-філіял за кошт паслуг пракату зарабіў звыш Br10 млн.-0-