Выстаўка латвійскага фатографа ў Віцебску прысвечана ветэранам Вялікай Айчыннай вайны

26 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі сёння адкрылася выстаўка латвійскага фотамастака Аляксандра Булыгіна, прысвечаная ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў музеі. Экспазіцыя "Памяць душы" аб'яднала больш за 30 фотаработ, зробленых у Дзень Перамогі каля помніка Вызваліцелям Рыгі. Штогод на 9 мая сюды прыходзяць тысячы жыхароў Латвіі, каб ушанаваць памяць тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў, павіншаваць і ўручыць кветкі тым, хто жывы і ведае пра вайну не па чутках. Пад уражаннем атмасферы гэтага яднання быў зроблены фотарэпартаж, які стаў асновай выстаўкі. Работы адлюстроўваюць пачуцці і перажыванні ветэранаў, моладзі і ўсіх, хто сабраўся на Дзень Перамогі, каб адзначыць свята. Праект закліканы прадэманстраваць гледачам рэальныя адносіны жыхароў Латвіі да падзей Вялікай Айчыннай вайны, іх павагу да памяці загінулых салдат. Яго правядзенне падтрымалі Рыжская Дума, Пасольства Беларусі ў Латвіі, Мінкультуры Беларусі, Мінскі і Віцебскі аблвыканкамы, прадпрымальнікі Латвіі і Беларусі. -0-