Ветэранам Віцебскай вобласці да 75-годдзя Перамогі выплацяць матэрыяльную дапамогу

Больш за 4,6 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці атрымаюць аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў сувязі са святкаваннем 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

– Выплаты ад 650 да 2000 рублёў будуць праводзіцца па месцы атрымання пенсій з 1 чэрвеня да 1 ліпеня. На гэтыя мэты прадугледжана 3,5 млн. рублёў, – паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Таццяна Салдатава.

Сумы выплат і катэгорыі грамадзян, якім належыць аднаразовая матэрыяльная дапамога, вызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №118 ад 28 сакавіка 2019 г. Калі дапамога належыць па некалькіх падставах, то прадугледжана найбольшая выплата.

– Да членаў сем'яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі (памерлі), прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны, акрамя жонак, якія не ўступілі ў новы шлюб, адносяцца не ўсе дзеці, – удакладніла Таццяна Міхайлаўна, – а інваліды з дзяцінства, якім павышаны памер пенсіі на 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту. Усім ім прадугледжана выплата ў памеры 650 рублёў.

Аднаразовая матэрыяльная дапамога, якая засталася не атрыманай у сувязі са смерцю атрымальніка, членам яго сям'і не выплачваецца і не ўключаецца ў склад спадчыны.

Беларуская чыгунка таксама зрабіла падарунак. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і адзін суправаджаючы чалавек да 7 ліпеня змогуць дабрацца да месцаў святкавання 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бясплатна ў межах нашай краіны ў вагонах любой катэгорыі (акрамя СВ) цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа, міжрэгіянальных ліній і міжнародных ліній.

"Віцебскія весці".