Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі сёння ў Віцебскім аблвыканкаме

8 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі сёння ў Віцебскім аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 100 ветэранаў і ўдзельнікаў вайны. Сярод іх Героі Сацыялістычнай працы Віталь Жураў і Яўген Чарвякоў, Герой Савецкага Саюза Леанід Філіпенка і іншыя. Кожнаму з іх былі ўручаны падарункі і юбілейныя медалі "65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне". Віншуючы ганаровых гасцей з Днём Перамогі, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падзякаваў герояў-вызваліцеляў за здзейснены подзвіг. "Ветэраны - гонар і ўвасабленне беларускай нацыі. Толькі дзякуючы вам у нас сёння мірнае неба над галавой і ёсць магчымасць працягваць вашы слаўныя працоўныя традыцыі", - падкрэсліў ён. Напярэдадні святкавання 65-годдзя Перамогі матэрыяльную дапамогу на суму Br2,7 млрд. у Віцебскай вобласці атрымалі 14,6 тыс. чалавек. Дадаткова Віцебскім аблвыканкамам аказана дапамога 9,2 тыс. чалавек на Br1,1 млрд. На аказанне артапедычнай дапамогі ў 2010 годзе накіравана Br2,5 млрд., у 2009-м - Br2,3 млрд. 316 ветэранам палепшаны сёлета ўмовы жыцця. Больш за 400 ветэранам аказана дапамога з правядзеннем бягучага і капітальнага рамонту. Па апошніх дадзеных, у Віцебскай вобласці пражываюць каля 6,5 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку 3,5 тыс. удзельнікаў ВАВ і 1250 інвалідаў вайны.-0-