Ветэранаў вайны вызвалілі ад аплаты за сацыяльныя паслугі ў пяці раёнах Віцебскай вобласці
У пяці раёнах Віцебскай вобласці райвыканкамы прынялі рашэнне аб вызваленні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ад платы за сацыяльныя паслугі, у васьмі раёнах рыхтуюцца аналагічныя рашэнні, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў на сесіі абласнога Савета дэпутатаў і пасяджэнні абласнога аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
"У Бешанковіцкім, Дубровенскім, Лепельскім, Міёрскім і Пастаўскім раёнах райвыканкамы прынялі рашэнні аб вызваленні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ад платы за сацыяльныя паслугі, якія аказваюць тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва. Яшчэ ў васьмі раёнах вобласці падрыхтаваны праекты адпаведных рашэнняў", - адзначыў Генадзь Ягораў.
Акрамя таго, у раёнах створаны рабочыя групы для абследавання ўмоў пражывання ветэранаў вайны, а таксама людзей, пацярпелых ад яе наступстваў. Пасля наведвання дамоў ад ветэранаў паступіла 100 просьбаў для вырашэння ў асноўным сацыяльна-бытавых пытанняў. На важнасці без фармалізму падыходзіць да вырашэння праблем ветэранаў і трымаць іх выкананне на жорсткім кантролі звярнуў увагу дэпутатаў і мясцовай улады старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
У Віцебскай вобласці на пачатак сакавіка пражывала 877 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 3919 чалавек, пацярпелых ад наступстваў вайны. Па аператыўнай інфармацыі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама, з пачатку 2019 года комплексны медыцынскі агляд прайшлі 848 ветэранаў. Нетранспартабельныя пацыенты, а таксама тыя, хто пражывае ў аддаленых населеных пунктах, аглядаліся выязнымі брыгадамі на даму.