Ветэраны атрымаюць матэрыяльную дапамогу з нагоды 70-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі

Ветераны получат материальную помощь по случаю 70-летия освобождения Республики Беларусь от немецко-фашистских захватчиков и Великой Победы

Імя ім – пераможцы. Гэтыя словы сталі лейтматывам чарговага пасяджэння арганізацыйнага камітэта па святкаванні 70-годдзя вызвалення вобласці, Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Аргкамітэт быў створаны на падставе Указа Прэзідэнта Беларусі ад 20 мая 2013 г. №230 і адпаведнага распараджэння аблвыканкама ад 10 чэрвеня 2013 г., узначальвае яго кіраўнік вобласці Аляксандр Косінец. Як адзначыў, адкрываючы рабочае пасяджэнне, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў, мясцовай уладай, грамадскімі арганізацыямі выконваецца комплекс мерапрыемстваў сацыяльнага, ваенна-патрыятычнага і культурна-асветніцкага характару. У Ліёзне і Суражы ўжо прайшлі ўрачыстасці з нагоды гадавіны вызвалення гэтых населеных пунктаў ад фашысцкіх захопнікаў. На мерапрыемствы з'ехала шмат гасцей, ніводзін удзельнік тых падзей не быў забыты.

Сацыяльна-бытавыя ўмовы жыцця ветэранаў, членаў сем'яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі або памерлі ў гады вайны, асобных катэгорый грамадзян, пацярпелых ад наступстваў вайны, а таксама увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны былі і застаюцца ў цэнтры ўвагі, падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч. На ўліку на паляпшэнне ўмоў пражывання сёння ў вобласці стаяць 7 ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Мясцовым уладам пастаўлена задача да канца першага квартала наступнага года забяспечыць іх сацыяльным жыллём або, па жаданні ветэрана, прадаставіць магчымасць будаўніцтва жылля па льготным крэдыце. Напрыклад, Кузьма Кузьміч Мізуроў з Ліёзна ўжо ў найбліжэйшы час засяліцца ў добраўпарадкаваную кватэру.

Варта заўважыць, што ўсім ветэранам, а па вобласці гэта больш за 10 тыс. чалавек, у залежнасці ад іх статусу, да знамянальных дат будзе аказана матэрыяльная дапамога. Па папярэдніх падліках, для гэтых мэт з рэспубліканскага бюджэту будзе выдзелена больш за 42 млрд рублёў.

Члены аргкамітэта прааналізавалі працу гарадскіх і раённых выканкамаў па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў, мемарыяльных комплексаў і ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны. Сёння ў вобласці 1239 месцаў воінскай славы, дзе пахавана 386025 чалавек, якія загінулі на полі бою за свабоду нашай Радзімы. На жаль, сёння мы ведаем далёка не ўсе імёны герояў: 183405 (47,5%) з іх устаноўлены, 202620 (52,5%) невядомы. За апошнія тры гады сукупная сума сродкаў, выдзеленых на рамонт і добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, мемарыяльных комплексаў, склала каля 8 млрд рублёў.

У Глыбоцкім, Докшыцкім, Лепельскім, Сенненскім, Талачынскім раёнах грошы расходуюцца сістэмна і своечасова. Слова крытыкі былі выказаны ў адрас Браслаўскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Дубровенскага, Лёзненскага, Мёрскага і Полацкага раёнаў. Тут пакуль асвоены не ўсе сродкі, якія неабходна задзейнічаць менавіта ў гэтым годзе. Ва ўсіх рэгіёнах за памятнымі месцамі замацаваны шэфскія арганізацыі. Разам з тым, не ўсе яны належным чынам сочаць за замацаванымі аб'ектамі. Ці шмат трэба, каб своечасова абкошваць месцы пахаванняў, абрэзаць галіны дрэў, якія закрываюць надпісы на помніках?

Добраўпарадкаванне і рамонт мемарыялаў працягнуцца і ў 2014 годзе, з абласнога бюджэту будзе весціся фінансаванне работ. Але каб да знамянальных дат на ўсіх святых месцах быў наведзены належны парадак, неабходна ўдзел кожнага з нас. На пасяджэнні аргкамітэта было рэкамендавана правесці на месцах суботнікі з накіраваннем заробленых сродкаў на добрыя справы, неабходна ініцыяваць грамадзян і арганізацыі на добраахвотныя ахвяраванні, прыцягваць да добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў грамадскія аб'яднанні.

Сёння вялікая праца праводзіцца па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў з выкарыстаннем камп'ютарных тэхналогій. На базе абласнога музея імя Героя Савецкага Саюза М. Шмырова створаны аргкамітэт, які ўзначальвае дырэктар музея Ірына Шышкова, чалавек захоплены і адданы пошукавай справе. З лістапада 2011 па лістапад 2013 гг. праведзена зверка 20383 прозвішчаў, выяўлена 5987 воінаў, якія раней не значыліся сярод загінуўшых. У гэтым напрамку добра папрацавалі рабочыя групы Бешанковіцкага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Сенненскага і Шаркаўшчынскага райвыканкамаў, тут таксама не забываюць аб праграмах па ўшанаванні памяці герояў вайны «Абеліскі», «Без вестак прапаўшыя», «Дзе загінулі мае землякі?».

Не першы год вядзецца праца па перавыданні раённых кніг-хронік

«Памяць». І калі ў Бешанковіцкім і Расонскім раёнах яна практычна завершана, у найбліжэйшы час яны будуць здадзены ў выдавецтва, то ў Мёрскім, Талачынскім і Шумілінскім раёнах яшчэ трэба зрабіць шмат.

У ходзе пасяджэння аргкамітэта таксама была прааналізавана праца ветэранскіх арганізацый вобласці па падрыхтоўцы да святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Артур Мацеюн, "Віцебскія весці"