Ветэрынарная сыроватка Віцебскай біяфабрыкі прайшла сертыфікацыю ў Турцыі
14 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская біяфабрыка паспяхова сертыфікавала сыроватку для ветэрынарыі ў Турцыі, паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама дырэктар біяфабрыкі Аркадзь Юдасін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рынак Турцыі прадпрыемства мае намер асвойваць і надалей. Сертыфікацыю ў гэтай краіне праходзяць яшчэ пяць відаў прадукцыі. Па словах Аркадзя Юдасіна, замежныя пакупнікі зацікаўлены ў новых распрацоўках беларускай вытворчасці. Аднак тое, што сёння прапануецца навукоўцамі для вытворчасці на віцебскай біяфабрыцы, не адпавядае сучасным патрабаванням, сцвярджае дырэктар прадпрыемства. Так, з 13 прапанаваных да асваення біятэхналогій 10 з'яўляюцца састарэлымі.
Сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, якім валодае біяфабрыка, дазваляе выпускаць прэпараты новага пакалення. Маштабныя работы па рэканструкцыі вытворчасці былі пачаты ў 2006 годзе. На іх ажыццяўленне ўжо накіравана больш за Br100 млрд. Рэканструкцыя прадугледжвае будаўніцтва галоўнага вытворчага комплексу агульнай плошчай 18,7 тыс. кв.м і аснашчэнне новых вытворчых плошчаў сучасным тэхналагічным абсталяваннем, якое ў далейшым дазволіць правесці сертыфікацыю на адпаведнасць патрабаванням GMP (правільная вытворчая практыка), што ў сваю чаргу павысіць экспартны патэнцыял прадпрыемства. З заканчэннем рэканструкцыі ў 2009 годзе прадпрыемства будзе выпускаць таварнай прадукцыі на Br40 млрд., прычым палова яе будзе імпартазамяшчальнай.
Ужо ў 2010 годзе на біяфабрыцы плануецца асвоіць вытворчасць ветэрынарных вірусных вакцын, якія раней у Беларусі не выпускаліся. Імпартазамяшчальныя прэпараты прызначаны для абароны сельскагаспадарчых жывёл і птушкі ад вірусных інфекцый.
Віцебская біяфабрыка была заснавана ў 1930 годзе. Спецыялізуецца на выпуску складаных лячэбна-прафілактычных і дыягнастычных прэпаратаў для ветэрынарыі. Па выніках першага квартала 2009 года тэмп росту вытворчасці да адпаведнага перыяду 2008 года склаў 123,1%. Выпрацавана прадукцыі ў супастаўных цэнах на Br2,3 млрд. Чысты прыбытак прадпрыемства ў першым квартале склаў Br70 млн., рэнтабельнасць - 12%. -0-