Ветслужба Віцебскай вобласці павінна ўзмацніць кантроль за фактамі гібелі жывёлы - Ю.Піваварчык
25 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ветэрынарная служба Віцебскай вобласці павінна ўзмацніць кантроль за фактамі гібелі жывёлы. Аб гэтым заявіў сёння галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Беларусі Юрый Піваварчык на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама падчас разгляду пытання аб захаванасці буйной рагатай жывёлы ў сельгасарганізацыях вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Юрыя Піваварчыка, тэма захаванасці пагалоўя буйной рагатай жывёлы і свіней у цяперашні час востра стаіць для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. "У кожнай краіне свае рэгіянальныя асаблівасці хвароб гэтых жывёл, таму лепш мець уласнае маткавае пагалоўе, берагчы яго", - падкрэсліў ён, адзначыўшы, што зрухі ў гэтым пытанні ёсць. Разам з тым у Віцебскай вобласці разам з Брэсцкай адзначаецца самы высокі працэнт гібелі жывёлы. І калі апошні рэгіён пачаў рэзка паляпшаць гэту працу, то ў Віцебскай вобласці гэтага не назіраецца.
Галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Беларусі прывёў крычушчыя факты выбыцця жывёлы ў гаспадарках "Тулава", "Ліпаўцы" і іншых сельгасарганізацыях Віцебскай вобласці. Усяго ад гібелі і неабгрунтаванага забою жывёлы эканоміцы рэгіёна за дзевяць месяцаў нанесены ўрон у Br25 млрд. З іх пакрыта толькі Br400 млн. "Хто астатняе пакрые? Пара навесці тут парадак", - сказаў Юрый Піваварчык, запатрабаваўшы прыняць усе меры па захаванні маткавага пагалоўя, дэталёва разглядаць кожны выпадак забою або гібелі жывёлы, а ў выпадку неабходнасці прыцягваць для дачы ацэнкі такіх фактаў органы пракуратуры.
Асноўнымі прычынамі выбыцця жывёлы галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Беларусі назваў адсутнасць тэхналогіі вырошчвання маладняку, належнай працы з кадрамі, грубае парушэнне вытворчай дысцыпліны, нізкую якасць кармоў, а галоўнае - стаўленне саміх кіраўнікоў, адказных работнікаў.
"У цяперашні час у Віцебскай вобласці, як і па ўсёй краіне, рэканструюецца і будуецца шмат буйных сучасных малочна-таварных комплексаў. Задумайцеся, чым будзеце іх запаўняць пры такім стаўленні да жывёл", - заключыў Юрый Піваварчык.-0-