ВГТУ будзе супрацоўнічаць з еўрапейскімі вытворцамі тэкстыльнага абсталявання

22 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт мае намер пашырыць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва з вядучымі еўрапейскімі вытворцамі абсталявання для выпуску нятканых тэкстыльных матэрыялаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на кафедры прадзення натуральных і хімічных валокнаў універсітэта. Дамоўленасці аб гэтым дасягнуты па выніках міжнароднага навукова-практычнага сімпозіума "Прагрэсіўныя тэхналогіі і абсталяванне для вытворчасці нятканых тэкстыльных матэрыялаў", які прайшоў 15-17 красавіка ў ВДТУ. Мерапрыемства, якое было ўпершыню арганізавана ВНУ, сабрала ў Віцебску кіраўнікоў нямецкіх фірмаў Temafa, Spinnbau, Dilo Maschinenfabrik, Brueckner Plant Technologies і расійскага ААТ "Камітэкс", прадстаўнікоў амаль 20 беларускіх прадпрыемстваў, а таксама навуковых супрацоўнікаў ВДТУ і Маскоўскага дзяржаўнага тэкстыльнага ўніверсітэта імя А.Касыгіна. У ходзе сімпозіума прадстаўнікі нямецкіх і расійскіх кампаній праявілі цікавасць да абмену навукова-тэхнічнай інфармацыяй з віцебскім ВНУ, а таксама да правядзення сумесных навуковых даследаванняў для распрацоўкі новых відаў нятканых тэкстыльных матэрыялаў рознага прызначэння. Акрамя таго, віцебскія навукоўцы і спецыялісты з Расіі і Германіі дамовіліся аб сумесных семінарах, канферэнцыях, сімпозіумах, іншых мерапрыемствах па павышэнні кваліфікацыі супрацоўнікаў прадпрыемстваў і навуковых работнікаў ВНУ. Асаблівую цікавасць удзельнікаў сімпозіума выклікалі распрацоўкі віцебскіх спецыялістаў у галіне нетрадыцыйнага выкарыстання адходаў тэкстыльнай прамысловасці. Разам з тым тэхналагічны ўніверсітэт мае намер скарыстацца інфармацыяй аб сучасным высокатэхналагічным абсталяванні вядучых вытворцаў для забеспячэння навучальнага працэсу. Таксама ВДТУ мае намер актыўна развіваць супрацоўніцтва ў галіне нятканых матэрыялаў з Маскоўскім дзяржаўным тэкстыльным універсітэтам, з якім у віцебскага ВНУ ўстаноўлены даўнія партнёрскія ўзаемаадносіны. Вытворчасць нятканых матэрыялаў з'яўляецца найбольш дынамічна развіваемым напрамкам тэкстыльнай прамысловасці. Гэта звязана з разнастайнасцю структур нятканых матэрыялаў, шырынёй іх прымянення, магчымасцю выкарыстання для іх выпуску практычна ўсіх відаў валокнаў і многіх відаў адходаў тэкстылю. Пры гэтым вытворчасць нятканага тэкстылю адрозніваецца гнуткасцю сучасных тэхналагічных працэсаў і адноснай таннасцю. Таму супрацоўніцтва з вядучымі еўрапейскімі вытворцамі будзе спрыяць актыўнаму асваенню новых тэхналагічных рашэнняў у галіне нятканых матэрыялаў, а таксама павышэнню якасці падрыхтоўкі айчынных спецыялістаў, адзначылі ў ВНУ.-0-