ВГТУ і Беластоцкі тэхнічны ўніверсітэт будуць абменьвацца выкладчыкамі і студэнтамі
Для студэнтаў кафедры «Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей» выкладчык з Польшчы прачытаў 4 лекцыі, падчас якіх распавёў пра Беластоцкі тэхнічны ўніверсітэт, лабараторыі і абсталяванне, якое выкарыстоўваецца падчас падрыхтоўкі спецыялістаў.
Таксама Раман Трахімчук у мультымедыйнай прэзентацыі прадставіў праекты студэнцкіх навуковых гурткоў механічнага факультэта, паведаміў, што пад кіраўніцтвам выкладчыкаў маладыя людзі займаюцца распрацоўкай марсаходаў, дронаў, робатаў медыцынскага прызначэння, якія прымяняюцца ў хірургіі і для рэабілітацыі хворых, а таксама спартыўных аўтамабіляў – аналагаў балідаў «Формулы 1».
– У віцебскім універсітэце даволі маладая кафедра аўтаматызацыі, у яе добры патэнцыял. Супрацоўнікамі вядзецца значная навуковая праца, ёсць грунтоўная тэарэтычная база. У БТУ большую ўвагу надаюць лабараторным заняткам, навучанне хутчэй прыкладное, аднак нам хацелася б дадаць у навучальны працэс такія ж тэарэтычныя асновы, будзем развівацца ў гэтым напрамку. Шмат у чым сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў у беларускіх і польскіх ВНУ падобныя, ёсць невялікая розніца ў дэталях. Дзякуючы праграме акадэмічнай мабільнасці мы атрымалі магчымасць удасканальвацца, пераймаць вопыт адзін у аднаго, – расказаў Раман Трахімчук.
Прарэктар па навуковай працы ВДТУ Алена Ванкевіч падкрэсліла, што абодва бакі зацікаўлены ва ўзаемадзеянні як асобных кафедраў іфакультэтаў, як і ВНУ ў цэлым. Менавіта таму ў наступным годзе працягнецца узаемны абмен студэнтамі і выкладчыкамі, будуць арганізаваны сумесныя канферэнцыі і публікацыі ў навуковых выданнях універсітэтаў.
Наталля Камлёва, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.