ВДУ імя П.Машэрава арганізаваў бясплатныя падрыхтоўчыя курсы для абітурыентаў
Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава арганізаваў бясплатныя падрыхтоўчыя курсы выходнага дня па прадметах цэнтралізаванага тэсціравання і ўступных выпрабаванняў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ВДУ.
Бясплатныя курсы стартавалі 1 лістапада, на іх зарэгістраваліся каля 100 чалавек - пераважна вучняў выпускных класаў і курсаў каледжаў - з Віцебска і амаль паловы раёнаў вобласці. Навучанне доўжыцца 8 месяцаў, заняткі праходзяць па суботах. Праграма курсаў складзена такім чынам, каб наведвальнікі не прапусцілі ніводнай патрэбнай ім тэмы. Выкладчыкі ВНУ рыхтуюць абітурыентаў па рускай і беларускай мовах і літаратуры, нямецкай і англійскай мовах, матэматыцы, хіміі, сусветнай і гісторыі Беларусі, грамадазнаўстве, фізіцы, біялогіі, геаграфіі, творчасці і фізічнай культуры.
У мінулым годзе ва ўніверсітэце праводзіліся бясплатныя кансультаванні па прадметах ЦТ і ўступных выпрабаванняў вясной і непасрэдна напярэдадні іх здачы, бясплатныя вэбінары для школ вобласці. У асноўным жа ВНУ практыкуе платныя формы падрыхтоўкі - базавыя вячэрнія курсы і дыстанцыйныя інтэрнэт-курсы.
Кацярына Князева