ВДУ імя П.Машэрава першым у Віцебскай вобласці адкрывае інтэрнэт-курсы па падрыхтоўцы да ЦТ

23 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава першым у Віцебскай вобласці адкрывае інтэрнэт-курсы па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Лілія Алізарчык. У дыстанцыйнай падрыхтоўцы да ўступных выпрабаванняў могуць прыняць удзел будучыя абітурыенты незалежна ад месца іх пражывання. Каб стаць інтэрнэт-курсістам, неабходна мець камп'ютар, падключаны да сусветнай павуціны, калонкі, вэб-камеру і атрымаць у ВНУ ключы доступу да ўрокаў. Пры гэтым кошт навучання на інтэрнэт-курсах не даражэйшы за кошт на рэальных. Перш чым асвойваць наватарскую форму вучобы, будучыя абітурыенты змаглі наведаць бясплатныя інтэрнэт-ўрокі па хіміі, біялогіі, матэматыцы, рускай мове. Факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі правёў іх сумесна з цэнтрам інфармацыйных тэхналогій, запрасіўшы выкладчыкаў ВНУ. На экранах камп'ютараў вучні бачылі выкладчыка і іншых удзельнікаў відэасувязі, прэзентацыі навучальных матэрыялаў. Як і на сапраўдным уроку, адказвалі на пытанні выкладчыкаў, праўда, выкарыстоўвалі для гэтага чат або галасавую сувязь у рэжыме рэальнага часу. На віртуальны ўрок са сваіх навучальных і хатніх камп'ютараў выйшлі старшакласнікі з Віцебска, Чашнікаў, Оршы і Аршанскага раёна, Віцебскага раёна, Шумілінскага раёна, Сенна, Ушач, Верхнядзвінска і Шаркаўшчыны. Дзякуючы новай форме магчымасці выпускнікоў з гарадскіх школ і аддаленых раёнаў ураўноўваюцца, лічыць Лілія Алізарчык. Акрамя стварэння дыстанцыйных груп пры школах, ВНУ гатова арганізоўваць індывідуальныя віртуальныя кансультацыі для будучых абітурыентаў у рэжыме анлайн.-0-