«Відаць, што праца з людзьмі тут вядзецца нястомна». Анатоль Ліневіч правёў прыём грамадзян у Дубровне

«З людзьмі трэба размаўляць, слухаць і чуць іх – тады будзе вынік», – гэтыя словы памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Віцебскай вобласці Анатоля Ліневіча цалкам пацвердзілі «прамая лінія» і прыём грамадзян, якія ён правёў у Дубровне.

Эфектыўная работа са зваротамі грамадзян, аператыўнае вырашэнне пытанняў – тое, што дэманструе сёння кіраўніцтва Дубровенскага райвыканкама. Як вынік – невялікая колькасць жадаючых трапіць на прыём да памочніка Прэзідэнта. Людзям няма патрэбы хадзіць па вышэйстаячых інстанцыях і прасіць дапамогі ў вырашэнні тых ці іншых пытанняў. Іх не толькі слухаюць, але і чуюць на месцах.

Толькі адзін жыхар райцэнтра патэлефанаваў на «прамую лінію». Пенсіянер звярнуўся з просьбай дапамагчы паскорыць працэс падключэння яго прыватнага дома да водаправода.

– Я хаджу па ваду да калонкі, – паскардзіўся інвалід 3-й групы. – Абяцаюць дапамагчы «урэзацца» ў лінію з 2018 года. А воз і ныне там.

Анатоль Ліневіч даў даручэнне старшыні райвыканкама Анатолю Лукашову разабрацца з праблемай у найкароткія тэрміны.

Адна чалавек запісалася і на прыём грамадзян. Прэтэнзіі жыхарка аграгарадка Буда выказала суседу, які трымае пчальнік. Жанчына абуралася, што на агарод не выйсці вясной і летам – пчолы атакуюць. Як высветлілася, ніякіх парушэнняў у размяшчэнні вулей (60 метраў ад дома звярнуўшайся) не выяўлена.

– Трэба праверыць, ці ўвесь комплекс мерапрыемстваў па рабоце з пчоламі выконваецца згодна з тэхналогіямі, – адзначыў інспектар па Віцебскай вобласці.

Таксама Анатоль Ліневіч парэкамендаваў правесці гутарку з пчаляром, высветліць усе дэталі канфліктнай сітуацыі.

– З гэтага звароту відаць, што чалавек проста хоча знайсці кантакт з суседам і просіць дапамогі ў гэтым, – сказаў Анатоль Канстанцінавіч журналістам. – І гэтым таксама зоймецца мясцовая ўлада. Відаць, што праца з людзьмі тут вядзецца нястомна. І сістэмна: два-тры разы на месяц вядуцца прыёмы грамадзян кіруючымі асобамі раённага, абласнога узроўняў. І ўсе праблемы своечасова знаходзяць рашэнне. Гэта яшчэ раз даказвае тое, што дубровенцаў задавальняюць цяперашнія ўмовы жыцця. Вось таму я не перастану казаць: з людзьмі трэба размаўляць, слухаць і чуць іх – тады будзе вынік.

І ён навідавоку: колькасць зваротаў грамадзян у Дубровенскім раёне за 4 месяцы бягучага года скарацілася на 4%. Сёння гэта 97 чалавек. Лідыруюць звароты па лініі РАУС, ЖКГ і дарожнай службы.

"Віцебскія весці".