Відзаўскі прафесійны ліцэй (Браслаўскі раён) будзе рыхтаваць сельгасдкадры для Пскоўскага раёна

23 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Выпускнікі сярэдніх школ Пскоўскага раёна (Расійская Федэрацыя) з новага навучальнага года будуць навучацца ў Відзаўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі (Браслаўскі раён). Пагадненне аб прыёме на вучобу 8 пскавічоў падпісана кіраўніцтвам навучальнай установы і адміністрацыяй Пскоўскага раёна, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара ліцэя Людміла Капуста. Зацікаўленасць у падрыхтоўцы высокапрафесійных рабочых для сельскай гаспадаркі, будаўнічай і лясной галін выказала не толькі адміністрацыя суседняга раёна, але і кіраўніцтва прадпрыемстваў. Сельгаспрадпрыемствы Пскоўскага раёна гатовы заключыць з ліцэем дагаворы і пасля заканчэння навучання прыняць на працу маладых спецыялістаў з беларускімі дыпломамі. У бліжэйшы час для зручнасці абітурыентаў ліцэй арганізуе ў Пскове выязную прыёмную камісію, сказала Людміла Капуста. Навучацца расійскія грамадзяне будуць бясплатна. Відзаўскі прафесійны ліцэй рыхтуе рабочых па 11 кваліфікацыях для сельскай гаспадаркі, будаўнічай і лясной галін. Ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама адзначылі, што выпускнікі з памежных раёнаў Расійскай Федэрацыі праяўляюць усё большы інтарэс да навучання ў беларускіх прафесійных навучальных установах. Прыцягвае іх не толькі магчымасць атрымання бясплатнай адукацыі, але і магчымасць працаўладкавання. Па жаданні выпускніка - грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, яму можа быць гарантавана першае працоўнае месца. -0-