Віртуальная навучальная пляцоўка створана ў Віцебскім медуніверсітэце

28 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віртуальная навучальная пляцоўка створана ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прарэктар універсітэта па вучэбнай рабоце і міжнародных сувязях, прафесар Наталля Коневалава. Інфармацыйна-адукацыйны праект рэалізаваны ў выглядзе інтэрнэт-партала на базе віртуальнага навучальнага асяроддзя Moodle. Выкарыстоўваючы гэты праграмны прадукт, спецыялісты ўніверсітэта стварылі віртуальны клас, цалкам адаптаваны да ўмоў навучання ў медыцынскай ВНУ. Атрымаўшы аўтарызаваны доступ да рэсурсаў пляцоўкі, студэнты могуць вучыцца не толькі ў спецыяльна абсталяваных навучальных аўдыторыях, але і ў любым зручным для іх месцы, маючы толькі персанальны камп'ютар з доступам у Інтэрнэт. У віртуальным класе яны атрымаюць як бягучую інфармацыю (напрыклад, расклад заняткаў), так і метадычныя дапаможнікі, выбраныя тэксты лекцый, доступ да электроннага каталога бібліятэкі ўніверсітэта, а ў перспектыве змогуць зрабіць заказ неабходнай навучальнай літаратуры. Створанае навучальнае асяроддзе дазваляе будучым медыкам рыхтавацца да заняткаў, практычных работ і экзаменаў, правяраць веды з дапамогай тэстаў. Патэнцыял віртуальнага навучальнага асяроддзя неабмежаваны, праект будзе пастаянна развівацца і ўдасканальвацца з улікам інфармацыйных запытаў і патрэб карыстальнікаў, асаблівасцей навучальнага працэсу ў медуніверсітэце. Найбліжэйшая перспектыва - арганізацыя віртуальных зносін выкладчыкаў і студэнтаў, правядзенне семінараў і канферэнцый, пашырэнне колькасці электронных падручнікаў і іншай навучальнай літаратуры. Каардынатарам навучальнай пляцоўкі выступае Цэнтр інфармацыйных тэхналогій ВНУ, які забяспечвае належнае выкарыстанне магчымасцей віртуальнага рэсурсу. Укараненне дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій адкрывае вялікія магчымасці для развіцця ўзаемадзеяння паміж удзельнікамі навучальнага працэсу і спрыяе павышэнню якасці адукацыі, адзначыла Наталля Коневалава. Праект рэалізаваны ў ходзе навукова-даследчай работы "Інавацыйная дзейнасць у вышэйшай школе", якую распрацоўваюць вучоныя і спецыялісты ўніверсітэта.-0-