Слухачы радыё «Беларусь» 13 траўня здзейсняць віртуальнае падарожжа па старажытным і сучасным Полацку

12 мая, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Дзень Полацка пройдзе 13 мая на радыёстанцыі "Беларусь", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Полацкага зямляцтва, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальперовіч. У гэты дзень у эфіры на кароткіх, сярэдніх хвалях, у FM-дыяпазоне і ў Інтэрнэце прагучаць рэпартажы, інтэрв'ю, выступленні, прысвечаныя Полацку - культурнай сталіцы Беларусі-2010. Сярод матэрыялаў - выступленне Епіскапа Полацкага і Глыбокскага ўладыкі Феадосія. Супрацоўнікі галоўнай дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё, якія нядаўна наведалі гэты старажытны горад, на пяці мовах (англійскай, нямецкай, польскай, рускай і беларускай) раскажуць аб сваіх уражаннях і дапамогуць сваім слухачам здзейсніць віртуальнае падарожжа па старажытным і сучасным Полацку, больш даведацца аб яго гісторыі і цікавых мясцінах. Гэтая праграма працягне чараду мерапрыемстваў, аб'яднаных грамадска-культурнай акцыяй "Культурная сталіца Беларусі", якая пачалася ў студзені. Менавіта старажытны Полацк - гісторыка-культурны і духоўны цэнтр беларускай зямлі - атрымаў статус культурнай сталіцы Беларусі - 2010. Гэты статус прадугледжвае, што на працягу года ў горадзе адбудуцца выставы лепшых мастакоў Беларусі, канцэрты вядучых творчых калектываў, спектаклі лепшых тэатраў краіны, прэм'еры беларускіх фільмаў, творчыя сустрэчы. У канцы года ў Мінску адбудзецца прэзентацыя горада Полацка як культурнай сталіцы 2010 года. Мэта акцыі, ініцыяванай Міністэрствам культуры, - актывізацыя супрацоўніцтва з мясцовымі органамі ўлады, далейшае развіццё і ўзбагачэнне культурнага жыцця рэгіёнаў, актывізацыя мясцовых грамадскіх ініцыятыў па падтрымцы нацыянальнай культуры, прыцягненне ўвагі шырокай грамадскасці, турыстаў.-0-