Віртуальны філіял Рускага музея адкрыецца ў Полацку
17 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Інфармацыйна-адукацыйны цэнтр "Рускі музей: віртуальны філіял" адкрываецца сёння ў Полацку. Партнёрам Рускага музея стаў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прарэктар па навуковай рабоце ўстановы Дзмітрый Глухоў.
Віртуальны філіял Рускага музея будзе працаваць у будынку былога езуіцкага калегіума, адкрытага ў 1581 годзе. Цяпер тут размешчаны два факультэты – гісторыка-філалагічны і інфармацыйных тэхналогій. Галоўнай задачай інфармацыйна-адукацыйнага цэнтра "Рускі музей: віртуальны філіял" з'яўляюцца адукацыйная і асветніцкая дзейнасць. У віртуальным філіяле сабраны багаты навукова-метадычны матэрыял Рускага музея ў электронным і друкаваным выглядзе. Напрыклад, наведвальнікі віртуальнага філіяла змогуць прайсці з экскурсіяй па знакамітых Санкт-Пецярбургскіх палацах, прадстаўленых у 3D-фармаце, убачыць ацыфраваныя карціны вялікіх рускіх мастакоў. Працаваць з рэсурсамі праекта можна індывідуальна і ў складзе групы. Гэтаму спрыяе структура цэнтра, у якую ўваходзяць адукацыйны клас з персанальнымі камп'ютарамі і мультымедыйны кінатэатр, абсталяваны праекцыйнай тэхнікай. Полацкі ўніверсітэт, валодаючы добрай тэхнічнай аснашчанасцю, спецыяльна пад гэты сумесны праект выдзеліў асобны сэрвіс.
Да адкрыцця філіяла супрацоўнікамі музея падрыхтавана лекцыя–прэзентацыя, прысвечаная найвядомейшай карціне са збору Рускага музея – карціне А. Лосенка "Уладзімір і Рагнеда" (1770), якая распавядае пра трагічную гісторыю полацкай княжны і кіеўскага князя.
На думку прарэктара, адкрыццё віртуальнага філіяла Рускага музея будзе спрыяць эстэтычнаму адукаванню студэнтаў, што адпавядае высокім патрабаванням універсітэцкай адукацыі, душэўна ўзбагаціць будучых спецыялістаў. Завочныя экскурсіі па Рускім музеі змогуць праводзіць таксама полацкія школьнікі, ды і шматлікім турыстам, якія прыязджаюць у Полацк, без сумневу, будзе цікава наведаць незвычайны філіял.
Дзмітрый Глухоў спадзяецца, што першы праект з Рускім музеем будзе не адзіным. Па яго словах, у цяперашні час абмяркоўваюцца магчымасці сумеснай дзейнасці ўніверсітэта і музея, у тым ліку ў сферы інфармацыйных тэхналогій.
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт працягвае традыцыі вялікіх асветнікаў беларускай зямлі. Падрыхтоўку спецыялістаў, магістрантаў, кандыдатаў навук у яго сценах вядуць 16 дактароў навук, прафесараў і больш за 150 кандыдатаў навук, дацэнтаў. Вучонымі ўніверсітэта створана і запатэнтавана звыш 900 вынаходак, карысных мадэлей і прамысловых узораў. Распрацоўкі ўніверсітэта патэнтнуюцца ў Беларусі, Расіі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Бельгіі, Аўстрыі, Нідэрландах, ЗША, Канадзе, Японіі, Кітаі. ПДУ – адзіная ў Беларусі ВНУ, факультэты якой знаходзяцца ў двух гарадах – Полацку і Наваполацку. Ва ўніверсітэце навучаюцца 14 тыс. студэнтаў.
Інфармацыйна-адукацыйны цэнтр "Рускі музей: віртуальны філіял" у Полацкім дзяржаўным універсітэце стане трэцім віртуальным філіялам Рускага музея ў Рэспубліцы Беларусь і 83-м у праекце Рускага музея. -0-